Перадвыбарныя памылкі апазіцыі
Беларуская апазіцыя на выбарах 2006 г. спадзяецца перамагчы цяперашняга прэзідэнта. Кангрэс дэмакратычных сілаў адзначыў пачатак кампаніі апазіцыі: на ім вылучаны кандыдат, якога падтрымліваюць некалькі апазіцыйных рухаў. Праведзеная 16 кастрычніка акцыя Дзень Салідарнасці сталася першым мерапрыемствам у выбарчай кампаніі аб’яднаных сілаў апазіцыі.
Ніжэй разглядаюцца тры ўзроўні апазіцыйнай кампаніі: перадвыбарныя абяцанні, падрыхтоўка да выбараў і арганізаваныя дзеянні. Каб даць сабе рады з крыніцамі, я засяроджу ўвагу на асобных матэрыялах, якія даюць уяўленне пра названыя ўзроўні.
Партыйная праграма або партыйная мроя?
Праграмныя погляды буйной апазіцыйнай сілы – Аб’яднанай грамадзянскай партыі – выкладзеныя ў нядаўнім артыкуле “Куды ты прыйдзеш, Беларусь”.1 Артыкул падпісаны старшынём партыі Анатолем Лябедзькам, хаця падобна, што аўтарства было калектыўнае. Час з’яўлення артыкула і яго змест сведчаць, што ён выступае перадвыбарнай праграмай партыі.
У зваротках да чытачоў ужываецца і давяральнае “ты”, і калектыўнае “мы”, каб чытачу было прасцей атаясаміць сябе з партыяй. Артыкул разлічаны на розныя сегменты аўдыторыі (як, зрэшты, і амаль кожная партыйная праграма). Можна па-рознаму тлумачыць, чаму падаецца толькі расійскамоўны варыянт артыкула, але, верагодна, за гэтым не хаваецца ніякага пакрыёмага сэнсу. (На дзвюхмоўных або шматмоўных беларускіх сайтах рэдка прапануюцца адныя й тыя ж тэксты на ўсіх мовах. Сітуацыя, калі беларускамоўнае і расійскамоўнае напаўненне супадае толькі часткова, – хутчэй правіла, чым выключэнне.) Расійска- і беларускамоўныя чытачы вольныя інтэрпрэтаваць праграму як заўгодна, бо незразумела, ці то беларуская культура запануе дзякуючы будучай дзяржаўнай падтрымцы, ці то з прычыны свайго адвечнага вяршэнства (“белорусское – это качественное и профессиональное, гармоничное и мелодичное“). Іншымі словамі, застаецца адкрытым пытанне, ці то вяршэнства беларускай культуры – факт, на які нельга не зважаць, ці то праект, які будзе навязвацца дыскурсіўнымі і прававымі сродкамі. Гэтаксама застаецца незразумелым, ці то праграмныя заявы ўключаюць прыняцце небеларускай культуры, ці проста абавязанне ўстрымацца ад яе пераследу (“не существует запретов и ограничений на искусство и культурное наследие других стран“). Калі дзяржава займае нейтральную пазіцыю ў дачыненні да культуры, які сэнс падкрэсліваць, што не будзе забарон? Адмаўленне адмаўлення – тыпова абарончая тактыка.
Тэкст пабудаваны на дыхатаміях, прычым яны часцяком змяшчаюцца ў адзіным сказе, напрыклад: “Используем лучшее на планете, а не дешевые суррогаты“. Гэты прыём дазваляе выразна супрацьпаставіць мінулае і сучаснасць. Але ён мае і адмоўны пабочны эфект – адштурхае чытачоў, якія не так драматычна ўспрымаюць цяперашнюю сітуацыю. У выніку яны могуць не прыняць і прапанаванага бачання будучыні.
Акрэсліваючы перспектывы на будучыню, аўтар(ы) пастаянна ўжывае(-юць) цяперашні час – магчыма, дзеля таго, каб паказаць іх дасяжнасць. Аднак гэта стварае шмат блытаніны – як у выпадку з культурнымі прэферэнцыямі – і, верагодна, зніжае сілу аргументацыі. Калі і сучасны стан, і будучыня апісваюцца ў цяперашнім часе, не прачытваецца іх супрацьпастаўленне: навошта прасоўваць беларускую культуру, калі яна і так някепска развіваецца? Знікае ўвесь сэнс прапагандысцкага пафасу, бо цяжка выйграць выбары, не выступаючы найлепшым вырашальнікам сучасных праблем.
З гледзішча звычайнага грамадзяніна, у розных частках чытэльнасць артыкула адрозніваецца. Адна з заган любога палітычнага дыскурсу – ужыванне малавядомых або абстрактных тэрмінаў, якія цяжка спалучыць з эмацыйнымі вобразамі. У палітычных дэбатах гэтыя тэрміны малаэфектыўныя. Напрыклад, у ЗША слова “манаполія” мае выразна адмоўнае значэнне, бо супраціў эканамічным манаполіям, якія падрываюць прынцып свабоднай канкурэнцыі, бярэ пачатак ад XIX ст. У Расіі ж “манаполія” суадносіцца галоўным чынам з рэсурсаздабывальнымі карпарацыямі, гэта амаль сінонім “буйной кампаніі“. Таму ў расійскіх палітычных дэбатах панятак “манаполія” не спрацоўвае.
“Нанотехнологии“, “инновационная“, “капитализация“, “ипотечные кредиты” – усе гэтыя тэрміны, мабыць, застануцца загадкай для звычайнага чытача. Апагеем неэфектыўнага дыскурсу трэба прызнаць фразу “Банки имеют общепризнанные инвестиционные рейтинги“. Мне цяжка рабіць абагульненні наконт узроўню беларускай аўдыторыі, але я ўпэўнены, што гэты сказ зразумеюць менш як 5 % літоўцаў. І нават тыя, хто зразумее, палічаць яго не дужа інфармацыйным.
Магчыма, з цягам часу дзякуючы ўплыву СМІ шырокая аўдыторыя засвоіць некаторыя спецыяльныя тэрміны, і тады яны будуць ствараць належны эфект. Аднак у любым выпадку трэба ўлічваць кантэкст, у якім яны ўжываюцца. Напрыклад, тэрмін “алігарх” на Захадзе збольшага асацыюецца са збоямі ў дэмакратычным працэсе, а ў расійскім (і, шырэй, ва ўсходнееўрапейскім) кантэксце “алігархаў” звязваюць, хутчэй, з сацыяльнай няроўнасцю і карупцыяй.
У Беларусі слова “алігарх” нярэдка выкарыстоўвае сам прэзідэнт, крытыкуючы расійскую палітычную сістэму. А. Лукашэнка часта падкрэслівае, што не дапусціць з’яўлення алігархіі ў сваёй краіне. Такім чынам, ужываючы панятак “алігархі”, аўтар(ы) артыкула не прапануе(-юць) сапраўднай альтэрнатывы цяперашняй сістэме ўлады, бо за гэтым словам не стаіць рэальнай з’явы. (А калі ўлічваць досвед Усходняй Еўропы, змена ўлады ў Беларусі магла б нават паспрыяць з’яўленню г. зв. алігархаў.) Але ж змагацца з прывіднымі алігархамі, намаляванымі А. Лукашэнкам, лепш за самога А. Лукашэнку не можа ніхто.
Іншы недахоп тэксту – у навязванні клішэ, напрыклад: “Милиционер – помощник и партнер гражданина. Он тесно работает с местным сообществом“. Да іх можна ставіцца дваіста. З аднаго боку, яны ўлагоджваюць аўдыторыю і дапамагаюць прасоўваць не такія адназначныя тэзісы. Людзі схільныя прымаць ідэі “пакетамі” – лягчэй дасягнуць згоды, калі аўдыторыя ўжо згадзілася з нейкім выказваннем. Таму клішэ – найважнейшы сродак, каб паразумецца з нядобразычліва настроенай аўдыторыяй. З другога боку, само па сабе клішэ нікога не падштурхне змяніць погляды. Ад залішніх клішэ тэкст робіцца задоўгім, прападае цікаўнасць публікі, у іх “патанаюць” змястоўныя сказы. Клішэ можна метафарычна параўнаць з алкаголем: ад невялікіх доз падвышаецца тонус, ад вялікіх хіліць у сон.
Артыкул перапоўнены абяцаннямі лепшага жыцця – яны сустракаюцца нават часцей, чым у прамовах прэзідэнта. Аднак А. Лукашэнка спалучае свае абяцанкі з мінулымі і сучаснымі падзеямі. Напрыклад, яго абяцанні павысіць заработную плату звязаныя з ростам заробкаў у мінулым. У артыкуле ж мроі аўтара(ў) падвісаюць у паветры – амаль няма практычных захадаў, якія б ператваралі мрою ў рэальнасць. Больш за тое, у намаганнях намаляваць усёабдымную карціну магчымага дабрабыту выяўляецца шэраг супярэчнасцяў.
Возьмем заявы: “У 70 % белорусских семей есть личные автомобили“, “40 % белорусов привычно ужинают в белорусских ресторанах“, “за границей ежегодно отдыхает… 30 % белорусских семей“. Яны наўрад ці стасуюцца з тэзісам “рост цен – не более 2 % в год“, бо нерэальна разлічваць на павелічэнне аб’ёмаў спажывання пры захаванні стабільных цэнаў. Таксама няпроста спалучыць павелічэнне пенсій і развіццё сацыяльных праграм са зніжэннем падаткаў.
У артыкуле трапляецца нямала проста фантастычных заяў, напрыклад, наконт ураджаю збожжа: “Урожай зерновых не 25 центнеров с гектара, а 100 ц/га“. За апошнія 10 гадоў такой прадукцыйнасці не дасягала ніводная краіна ЕЗ. Толькі Бельгія і Ірландыя зрэдку збіралі ўраджаі, вышэйшыя за 90 ц/га (Бельгія аднойчы, Ірландыя – тройчы). Бадай, у 2004 г. Ірландыі ўдалося дасягнуць найвышэйшай ураджайнасці за ўсю гісторыю Еўропы – 98,596 ц/га.
Не менш сумневаў выклікае і заява аб надоях малака (“коровы дают не 2 тысячи литров, а 8–9 тысяч литров молока“). Статыстыка Еўразвяза сведчыць, што ў 2000–2003 гг. з усіх краін-удзельніц ЕЗ максімальных надояў дасягнула Швецыя – 8072 кг на карову ў 2003 г. Зважаючы на шчыльнасць цэльнага малака, атрымліваецца прыкладна 7837 л на карову. Вядома, методыкі падліку могуць розніцца – шведскія статыстычныя крыніцы адзначаюць (без уліку якасці малака), што ў 2004 г. сярэдні надой аказаўся рэкордным – 8994 кг на карову. Такім чынам, можна сказаць, што заяўленых лічбаў дзе-нідзе ў свеце і дасягаюць.
Дапусцім, аўтар(ы) жадаў(-лі) паказаць канчатковыя мэты, і ўсе выкладзеныя ў артыкуле перспектывы – доўгатэрміновыя. Тады варта запытацца, на які час разлічаная іх рэалізацыя. Цяжка пераканаць грамадзянаў аддаць свае галасы за партыю, што абяцае дабрабыт “у наступным жыцці”. Датычна прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі афіцыйная беларуская статыстыка адзначае, што ў 2004 г. сярэдняя ўраджайнасць зерневых на апрацаваны гектар складала 29,60 ц, а надой малака на карову – 3211 кг. Ірландская сельская гаспадарка магла пахваліцца цяперашняй беларускай ураджайнасцю зерневых прыкладна ў 1960 г., тады як шведская сельская гаспадарка дасягнула беларускіх паказчыкаў надою блізу 1925 г.
Перспектывы росту прадукцыйнасці ў сельскай гаспадарцы лепш ацэняць навукоўцы, якія непасрэдна вывучаюць гэтую праблему, аднак, у кожным разе, наўрад ці Беларусь яго тэмпамі пераўзыдзе Ірландыю. То бок, каб дасягнуць прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, як у Ірландыі, спратрэбіцца мінімум 45 гадоў. (А партыя падае гэта за рэалістычную мэту.) Апроч таго, нават павярхоўнае знаёмства са статыстыкай дазваляе сцвярджаць, што важную ролю ў прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі па-ранейшаму адыгрываюць геаграфічныя фактары. Праз іх Беларусь можа ніколі не дасягнуць ураджайнасці зерневых, супастаўнай з ірландскай, бельгійскай, нідэрландскай або брытанскай.
Да таго ж узнікае пытанне, а ці сапраўды істотныя ўсе гэтыя лічбы? Іншымі словамі, каму цікава, 2 т малака дае ў Беларусі сярэдняя карова ці 3,2 т? Аднак прыклад з малаком – дробязь. Тэкст поўны сцверджанняў, не падмацаваных лічбамі, напрыклад: “Мы путешествуем по миру без виз и приглашений“. Такія заявы цяжэй праверыць, аднак іх усё ж можна суаднесці з эмпірычнай рэчаіснасцю. Напрыклад, згодна са звесткамі міністэрстваў замежных справаў Літвы і Беларусі, на дадзены момант літоўцы не маюць патрэбы ў візах для кароткачасовых падарожжаў у 70 краін, беларусы – у 12 краін. Але перавагі Літвы – збольшага вынік супрацоўніцтва з ЕЗ і ўваходжання краіны ў яго склад, і шлях да іх не быў кароткі. Тут мы падыходзім да асноўнай праблемы: усялякая мроя мае сэнс у той ступені, у якой яна абапіраецца на рэчаіснасць. Так, казаць пра перспектывы эканамічнага развіцця без спасылкі на гістарычныя тэндэнцыі і досвед іншых краін – занятак бессэнсоўны. Дапамагае ператварыць мрою ў рэальнасць толькі зварот да практыкі.
Калі разарваная сувязь паміж рэальнасцю і мрояй, цяжка прадказаць, што здарыцца па прыходзе партыі да ўлады. Можна па-рознаму тлумачыць, чаму з’яўляюцца неабгрунтаваныя мроі і фактычныя недакладнасці. Прычынай можа быць жаданне павялічыць палітычную актыўнасць выбарцаў, распаліўшы ў іх пачуццё нацыянальнай годнасці, імкненне набыць падтрымку праз супрацьпастаўленне мінуўшчыны і будучыні, адарванасць ад практыкі, неінфармаванасць, некампетэнтнасць. Якое тлумачэнне слушнае, можа(-гуць) адказаць толькі аўтар(ы).
У найлепшым выпадку аўтар(ы) маніпулюе(-юць) чытачамі дзеля, здавалася б, добрай мэты. Тады паўстае ключавое пытанне: як уплываюць гэткія мроі на прывабнасць партыі для выбарцаў? Адказ залежыць ад таго, на якую мэтавую аўдыторыю скіраваны артыкул. Суцэльны тэкст напісаны даволі манатонна, ён не дойдзе да шырокай публікі, калі яго не разбіць на асобныя тэзісы. Тыя, хто захоча і зможа прачытаць тэкст цалкам у ягонай зыходнай форме, – ужо, верагодна, перакананыя прыхільнікі АГП. Магчыма, мяркуецца, што яны з дапамогай артыкула пераканаюць іншых. Аднак зварот да эмоцый аўдыторыі траціць эфектыўнасць, бо не прапануюцца канкрэтныя рашэнні.
У горшым выпадку партыя проста не гатовая кіраваць дзяржавай. Таму, мабыць, ёй складана будзе прыйсці да ўлады, або, нават калі гэта і здарыцца, краіну апануе палітычная і сацыяльная нестабільнасць. Гісторыю антыкамуністычных дысідэнцкіх рухаў ва Усходняй Еўропе можна сцісла апісаць як падзенне ідэалістаў, якія страцілі або ўладу, або свае ідэалы.
Падрыхтоўка да выбараў
Аналізуючы стан беларускай апазіцыі, не варта абмяжоўвацца агульнымі перспектывамі – важна разгледзець і практычныя рашэнні ў арсенале апазіцыі. У гэтым плане, бадай, адна з найлепшых даступных крыніц інфармацыі – інтэрнет-форум з Аляксандрам Мілінкевічам (8 кастрычніка).2
Падрыхтоўка да выбараў мусіць залежаць перадусім ад чаканых вынікаў. Вось чаго чакае кандыдат ад “аб’яднанай апазіцыі”: “Реального подсчета голосов не будет… белорусский Центризбирком обнародует цифры, по которым окажется, что выиграл Лукашенко, причем в первом туре“. Гэтая заява ўзнімае шматлікія пытанні. Па-першае, як апазіцыя даведаецца, што вынікі сфальсіфікаваныя пры мінімальным удзеле ў іх арганізацыі? Кандыдат на гэтае пытанне не адказвае, не ўдалося мне знайсці адказу і ў іншых беларускіх крыніцах.
Ці магчыма папярэдзіць фальсіфікацыі? Прапанаваныя метады нельга назваць удалымі: “Сябры камісіяў… атрымаюць папярэджаньні аб тым, што фальсыфікацыя – гэта парушэньне канстытуцыі, за якое давядзецца несьці крымінальную адказнасьць“. Пагрозы, не падмацаваныя рэсурсамі, – пусты гук. Гэта, напэўна, ведае і сам кандыдат. А зрабіць іх рэальнымі можа толькі народная падтрымка, прынамсі, не меншая за тую, што маюць улады.
Акцэнт на фальсіфікацыях стварае ўражанне, што апазіцыя можа любыя афіцыйныя вынікі абвясціць несапраўднымі і перайсці да масавых акцый: “Мы выведзем людзей на плошчу, каб мірным шляхам адстаяць свае правы“. Іншымі словамі, мэта апазіцыі – не заваяваць галасы, а мабілізаваць актывістаў: “Имеем шанс прийти к людям и сказать им правду, укрепить их дух и уменьшить страх“. Аднак гэтыя мэты, дарма што ўзаемазвязаныя, усё ж істотна адрозніваюцца. Упэўненасць у фальсіфікацыі выні?каў і зварот да публічных акцый пратэсту могуць двойчы пашкодзіць апазіцыі: адахвочваюцца галасаваць апаненты ўлады, а выбарцы, якія вагаюцца, убачаць у апазіцыянерах парушальнікаў парадку. Калі апазіцыя хоча перамагчы, яна мусіць пераканаць грамадзянаў, што будзе кіраваць лепей за цяперашні рэжым. Іншымі словамі, трэба, каб апазіцыя ўспрымалася як альтэрнатыўны ўрад. Беларускае грамадства, як і большасць іншых, аддае перавагу эвалюцыйным зменам, а не рэвалюцыям. Сваімі развагамі пра палітычныя перавароты апазіцыйныя лідэры палохаюць тых, хто яшчэ не зрабіў свайго выбару – між тым акурат іх пазіцыя адыгрывае ключавую ролю ў палітычных зменах. З досведу мінулых кампаній відавочна, што на вуліцы можна вывесці даволі абмежаваную колькасць актывістаў, а таму разгон апазіцыйных мітынгаў будзе адносна простай задачай.
Кандыдат мяркуе, што будзе мець вельмі абмежаваныя магчымасці для агітацыі: “Абыход кватэраў, пераконваючы людзей “вочы ў вочы“. Хаця гэткая тактыка не патрабуе значнага доступу да СМІ, вялікай праблемай застаецца фінансаванне, бо вымагае вялікай колькасці актывістаў і пакрыцця іх выдаткаў. Таму выклікаюць сумнеў заявы пра фінансавую незалежнасць: “нет и не было финансирования политических партий из-за рубежа“. Незразумела, напрыклад, якой падтрымкі чакае кандыдат ад беларускай дыяспары – “будзем удзячныя за дапамогу беларускай эміграцыі“. Апроч таго, весці такую кампанію можна толькі дэцэнтралізавана. Гэта прызнае і сам кандыдат: “сохранение разнопартийной команды для меня важнее всего“. Аднак калі кампанія будзе кепска скаардынаваная, можа толькі ўзмацніцца ўражанне, што апазіцыя няздольная дасягнуць кансенсусу. Горш за тое, апазіцыі прыйдзецца моцна падумаць, як данесці да выбарцаў свае ідэі, не парушыўшы іх правоў на прыватнае жыццё (напрошваецца паралель са “Сведкамі Еговы”).
Насоўваецца выснова, што апазіцыя ў Беларусі апынулася ў заганным коле: каб перамагчы ў выбарах, ёй неабходная народная падтрымка – каб атрымаць народную падтрымку, неабходна перамагчы ў выбарах. Калі б апазіцыйных кандыдатаў было больш, лягчэй было б і весці кампанію: зменшыліся б выдаткі на каардынацыю дзеянняў, павялічыўся б ахоп грамадзянаў, выявілася б папулярнасць кандыдатаў у народзе. Але ў такім выпадку расцярушваюцца галасы выбарцаў, што можа скончыцца паразай. Удзел у выбарах дае легальныя каналы зносін з электаратам, аднак легітымуе перамогу А. Лукашэнкі.
Кампанія на практыцы: Дзень Салідарнасці
Можна разглядаць Дзень Салідарнасці 16 кастрычніка як першую значную палітычную акцыю апазіцыі пасля Кангрэса дэмакратычных сілаў. Яна мела на мэце прыцягнуць увагу да праблемы “зніклых” і палітычных зняволеных. Паводле задумы, прыхільнікі апазіцыі мусілі адначасова патушыць святло і запаліць свечкі ў сваіх дамах.
Гэтак званыя “знікненні” дзеячаў апазіцыі ўзбударажылі міжнародную супольнасць у 70–80-я гг. ХХ ст., перадусім у сувязі з ваеннымі дыктатурамі ў Лацінскай Амерыцы. “Зніклага” таемна арыштоўвалі і забівалі, не пакідаючы ніякіх дакументальных сведчанняў. Такім чынам выканаўцы вызваляліся ад самой неабходнасці трымацца закона, а сярод знаёмых “зніклага” сеяўся страх. Аднак падобныя захады не дапамаглі пазбегнуць адказнасці выканаўцам і заказчыкам “знікненняў” і захаваць паноўныя рэжымы. Большасць з іх абрынулася, калі спынілася падтрымка звонку або выявілася іх няздольнасць вырашаць сацыяльныя і эканамічныя праблемы. Эфектыўнасць кіравання ваенных хунтаў, якія шырока выкарыстоўвалі “знікненні”, была не большай, чым у іншых.
Прыклад “мацярок з Пласа-дэль-Маё” ў Аргентыне яскрава засведчыў нядзейснасць “знікненняў” як сродку рэпрэсій і выявіў метады супраціву гэтай практыцы. З 1977 і да падзення ваеннай дыктатуры ў Аргентыне ў 1983 г. маці “зніклых” левых актывістаў раз на тыдзень збіраліся насупраць прэзідэнцкага палаца і патрабавалі звестак пра сваіх дзяцей. Некаторыя з мацярок таксама “зніклі”, але ўрад быў вымушаны абмежаваць рэпрэсіі. Па-першае, калі няма прысуду, няма віны, таму мацярок немагчыма было выдаваць за ворагаў або сваякоў ворагаў. Па-другое, культурная традыцыя не прымала пераследу мацярок – ён прыносіў рэжыму кепскую славу. Па-трэцяе, матывы руху мелі афарбоўку гуманістычную, а не палітычную, таму жанчынам спачувала грамадства. І нарэшце, паколькі акцыі адбываліся рэгулярна і ў цэнтры сталіцы, на мацярок звярнулі ўвагу замежныя СМІ. З аднаго боку, гэта зніжала рызыку рэпрэсій, з іншага, закранала грамадскую думку на ўсім свеце.
У чым розніца паміж беларускім і аргентынскім выпадкамі? У Беларусі колькасць “зніклых” параўнальна невялікая – іх можна назваць пайменна, між тым як у Аргентыне людзі “знікалі” дзясяткамі тысяч. Розніца ў маштабе рэпрэсій уплывае на грамадскі давер да заяў пра “знікненні” – людзі знікаюць нават у краінах сталай дэмакратыі, але там знікненні рэдка звязаныя з дысідэнцкай дзейнасцю. Скарачаюцца і магчымасці пратэсту – хоць маці з Пласа-дэль-Маё было адносна няшмат, яны абапіра?ліся на патэнцыйна вялізныя чалавечыя рэсурсы. Да таго ж беларускіх дысідэнтаў часта затрымліваюць пасля публічных акцый, але большасць з іх урэшце выходзіць на волю (узнікае пытанне, чаму ўлады так дыферэнцыявана падыходзяць да арыштаваных?). У Аргентыне ў 1976–1983 гг. усё было іначай. Больш за тое, калі аргентынскія “зніклыя” паходзілі з ніжэйшага сярэдняга класа або выказвалі яго інтарэсы, беларускія “зніклыя” належалі да невялікай групы палітычнай і інтэлектуальнай эліты, таму шырокая грамадскасць у значна меншай ступені схільная атаясамліваць сябе з імі. Урэшце, інфармацыі пра “зніклых” у Аргентыне патрабавалі амаль выключна іх блізкія сваякі, чаго нельга сказаць пра Беларусь. Датычна палітзняволеных у Беларусі і Аргентыне выяўляюцца прыкладна тыя самыя адрозненні. Варта спыніцца і на форме правядзення Дня Салідарнасці. Сапраўды, каб выключыць святло і запаліць свечку, не трэба вялікіх фізічных высілкаў. Аднак гэтае дзеянне звязанае з візуальнай ідэнтыфікацыяй прыхільнікаў апазіцыі ў вачах урадоўцаў і іх прыхільнікаў. Такім чынам, удзельнікам акцыі яна можа дорага абысціся – тым даражэй, чым больш прыхільнікаў цяперашняй улады ў той ці іншай мясцовасці.
Калі цвёрдыя прыхільнікі апазіцыі або ўладаў паводзяць сябе згодна са сваімі перакананнямі, тыя, хто настроены нейтральна або вагаюцца (ад іх пераважна і залежыць зыход выбараў), звычайна схіляюцца да тэндэнцый, што пераважаюць у іхным асяродку. Такім чынам, у жылых раёнах, дзе большасць складаюць прыхільнікі апазіцыі, “нерашучыя” могуць падтрымаць акцыю, а ў праўрадавых раёнах атрымаецца супрацьлеглы эфект. У Беларусі актыўных апазіцыянераў – меншасць, таму дзейснасць акцыі рэзка зніжаецца.
Трэба адзначыць, што варыянты паводзін датычна акцыі выразна асіметрычныя (удзел – бяздзеянне), а значыць, улады апынуцца ў прывілеяваным стане: кожнае акно, дзе не гараць свечкі, можна расцэньваць як знак падтрымкі ўрада. Чыста візуальна акцыя пройдзе менш заўважна ў сельскіх раёнах, дзе жыве больш прыхіль?нікаў улады, чым у раёнах шчыльнай гарадской забудовы. Такім чынам, акцыя дэманструе, хутчэй, наяўнасць расколу, чым кансалідацыю вакол апазіцыі.
Дзень Салідарнасці меў абмежаваную інфармацыйную вартасць – з вышэйназваных прычын акцыя не выявіла рэальных суадносін сілаў паміж апазіцыяй і ўладай. У стратэгічным плане дапушчаная памылка, бо ініцыятары не ўлічылі ні агульнага ўплыву апазіцыі, ні яе слабасці ў рэгіёнах. Акцыя нагадвае рассеяную атаку малымі сіламі, замест таго, каб сканцэнтраваць іх там, дзе можна было б дасягнуць лакальнай перамогі. (Напрыклад, у 1933 г., калі падтрымка нацыстаў на парламенцкіх выбарах упала, тыя засяродзілі ўвесь свой прапагандысцкі рэсурс на мясцовых выбарах у маленькай правінцыі Ліпе-Дэтмольд і скарысталі іх вынікі як сведчанне росту свайго аўтарытэту.) Дзень Салідарнасці можа прывесці да вынікаў, супрацьлеглых чаканым, – дэманстрацыя слабіны выкліча эфект “прычапнога вагона”: людзі схільныя падтрымліваць той бок, які відавочна перамагае.
Пераклаў з англійскай Уладзімір Паўловіч паводле аўтарскага рукапісу: Nerijus Prekeviиius. Belarusian opposition in preparation for the presidential elections of 2006: Discourse and actions.
Published 13 January 2006
Original in English
First published by Arche 6/2005
Contributed by Arche © Nerijus Prekevicius / Arche / Eurozine
PDF/PRINTNewsletter
Subscribe to know what’s worth thinking about.