Хто лепш засвоіў урокі Памаранчавай рэвалюцыі?
Хто лепш засвоіў урокі нядаўніх “каляровых рэвалюцыяў”, што хваляю пра-каціліся па былой савецкай прасторы: беларускія “джынсавыя рэвалюцыянэры” ці лукашэнкаўскія тэхнолягі-контрарэвалюцыянэры? Паводле вынікаў галасаваньня 2006 г. лік у матчы вызначыць цяжка. Паколькі надзейнага паралельнага падліку галасоў ці незалежнага экзыт-полу не было, немагчыма дакладна сьцьвяр?джаць, што адзін або другі бок сапраўды ўмацаваў свае пазыцыі ў параўнаньні з 2001 г. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, тры кандыдаты, што супрацьстаялі Лукашэнку, разам атрымалі 11,8 % галасоў – менш, чым у 2001 г., калі два кандыдаты набралі 17,1 %. НІСЭПД, паводле вынікаў свайго апытаньня, у 2001 г. даваў Ганчарыку 32 %, а камандзе Мілінкевіча ў 2006 г. – 25–30 %.
Але можна паспрабаваць папярэдне прааналізаваць тактыку бакоў і стратэгічную сытуацыю, у якой праходзілі выбары. Праўда, мне даводзіцца рабіць камэнтар, калі падзеі яшчэ ў разгары… Па-першае, аўтарытарныя лідэры здольныя даць народу тое, што яму трэба. З дапамогай расейскіх субсыдыяў ці бязь іх, але ў 2001–2006 гг. адбыўся значны рост беларускай эканомікі. Відавочна, што шмат выбарцаў высока ацэньваюць усталяваны Лукашэнкам “закон і парадак”, як і ягонае абяцаньне стварыць “спакойны, утульны дом”. Ува Ўкраіне ў 2004 г. выбухнула гадамі назапашанае абурэньне рэжымам. У Беларусі Лукашэнка дасюль мае трывалую базу падтрымкі. Януковіч скраў перамогу – Лукашэнка, здаецца, папросту перабольшыў сваю.
Таму беларускай апазыцыі было апрыёры цяжка вырашаць сваю задачу – дзейнічаць у межах тактыкі “негвалтоўнага супраціву”, узятай на ўзбраеньне ў Джына Шарпа і інш. Апазыцыянэры шмат што рабілі слушна – перадусім пазьбягалі гвалтоўных формаў пратэсту і “простага дзеяньня”, што дало б уладам нагоду, якой яны так шукалі, каб пусьціць у ход сілу. Дакладней, пусьціць у ход сілу раней. Апазыцыя таксама добра навучыла сваіх прыхільнікаў адрозьніваць і пазьбягаць правакатараў. Джын Шарп лічыць неабходным вызначаць і падкрэсьліваць слабыя бакі, што ёсьць у кожнага рэжыму. На ягоную думку, каб дамагчыся пераменаў, галоўнае ня грошы, а зьмена ў людзкой сьвядомасьці. Упэўненасьць у сваёй маральнай перавазе – галоўны актыў апазыцыі, асабліва калі вядзецца пра тое, каб падштурхнуць тысячы шарагоўцаў, якія падтрымліваюць уладу, перайсьці на другі бок. Аднак у Беларусі рэжым ніколі не выяўляў слабасьці. Абурэньне тым, што Лукашэнка душыць дэмакратыю, не выходзіла за межы апазыцыйных колаў. Памаранчавая рэвалюцыя ўдалася, бо на вуліцы выйшлі сотні тысячаў звычайных людзей. Беларускай апазыцыі бракавала відочнай падтрымкі “тылу” – масаў народу, якія б надалі вагу акцыі пратэсту ня проста таму, што яны падтрымлівалі Мілінкевіча ці не прымалі лукашэнкаўскай нацыянальнай ідэі, а таму, што баранілі сваё права на пратэст, баранілі агульную ідэю свабодных і справядлівых выбараў. Згодна з вынікамі апытаньня “Дэмакратычных ініцыятываў” у 2005 г., толькі 39 % маніфэстантаў выйшлі ў 2004 г. на вуліцы дзеля таго, каб падтрымаць Юшчанку, 59 % пратэставалі супраць самога факту фальсыфікацыі выбараў.
Іншымі словамі, стратэгія негвалтоўнага супраціву палягае на тым, каб ціснуць на слабыя бакі ўлады. У лукашэнкаўскага рэжыму іх няшмат. Прынамсі, пакуль – магчыма, яны высьпеюць з часам. Можна меркаваць, што пэрыяд адразу па выбарах заўсёды яшчэ важнейшы за самі выбары. Мабыць, Лукашэнка хоча, каб сытуацыя “вярнулася ў норму”. Апазыцыя павінна не спыняцца на дасягнутым, а Захад, асабліва Эўропа, мусяць аказваць ёй больш рашучую падтрымку, чым падчас самой выбарчай кампаніі. Эўразьвязу трэба распрацаваць цьвёрдую, але канструктыўную палітыку датычна Беларусі, бо на цяперашні момант ён увогуле амаль ніяк не за?дзейнічаны.
Выглядае, што рэжым Лукашэнкі лепш засвоіў урокі Памаранчавай рэвалюцыі. Улада не дапусьціла ніякага сур’ёзнага паралельнага падліку галасоў або экзыт-полу, якія б маглі зрабіцца штуршком да электаральнай рэвалюцыі. Хоць шмат для каго бясспрэчна, што абвешчаная лічба галасоў за Лукашэнку – разьдзьмутая, але апазыцыя не змагла хоць колькі-небудзь пераканаўча давесьці, што за яго прагаласавала менш як 50 % выбарцаў. Лукашэнка забясьпечыў адзінства намэнклятуры і вернасьць службаў бясьпекі. Гэта, у сваю чаргу, дапамагло зьвесьці да мінімуму колькасьць акцыяў пратэсту праз простыя практычныя захады: адмену цягнікоў на Менск, падтрыманьне атмасфэры страху… Ува Ўкраіне маніфэстанты хутка перасталі баяцца, што дэманстрацыі ўдушаць сілай, і перайшлі ў наступ. Беларускія ўлады прымусілі людзей адчуць рэальнасьць пагрозы. Але яны пазьбягалі і надта жорсткіх захадаў, якія маглі б справакаваць больш шырокі пратэст. Людзей арыштоўвалі, калі яны сыходзілі з плошчы, каб іх можна было пахапаць маленькімі гурткамі. Сілавыя структуры не дазвалялі перадаваць у намётавы гарадок ежу, коўдры і інш., каб удзель?нікі акцыі маглі трымацца. І ўлады вырашылі правесьці выбары ня ўлетку, а халоднай сакавіцкаю парою.
Неяк дзіўна, што апазыцыя не паклапацілася пра тое, каб надзейна і стала замацавацца на сваім “пляцдарме”. Калі б намётавы гарадок уяўляў дастатковую пагрозу для ўладаў, тыя мелі цудоўную магчымасьць лёгка захапіць тэрыторыю. Апроч таго, улада не дапусьціла эфэкту сьнегавога камяка, стварыўшы глухую сьцяну маўчаньня вакол акцыі пратэсту ў беларускіх СМІ і зьвёўшы да мінімуму прысутнасьць замежных.
Нарэшце, рэжым перастрахаваўся – у дадатак да “адміні?страцыйнага рэсурсу” задзейнічаў “паліттэхналёгіі”. Ізноў, каб стварыць уражаньне пратэстнай палітыкі, быў пушчаны ў ход Сяргей Гайдукевіч. Могуць узьнікаць пытаньні і наконт Аляксандра Казуліна: прынамсі, а ці ня дзеля таго ён створаны, каб заняць месца “кантраляванай апазыцыі” – замест сапраўднай?
І вядома, ключавую ролю ў гэтых выбарах адыграла Расея – у сьнежні 2005 г. Пуцін засьведчыў Лукашэнку сваю падтрымку. У 2001 г. за падобную дапамогу Лукашэнка абяцаў расчыніць дзьверы ў Беларусь расейскаму бізнэсу, аднак тады ён сваёй абяцанкі ня выканаў. Лягічна было б думаць, што гэтым разам Крэмль забясьпечыў сабе больш цьвёрдыя гарантыі. Паказальным у гэтым пляне будзе лёс “Белтрансгазу”. Хоць па шмат якіх пазыцыях Лукашэнка і дамогся чарговай (ужо не такой “элегантнай”) перамогі, але ён ня здолеў зьнішчыць сам палітычны працэс у Беларусі. Наперадзе нас чакае шмат цікавага.
Published 19 April 2006
Original in English
Translated by
V. K.
First published by Arche 4/2006
Contributed by Arche © Andrew Wilson / Arche / Eurozine
PDF/PRINTNewsletter
Subscribe to know what’s worth thinking about.