Я пішу гэтыя радкі ў панядзелак а 23-й. Калі ўдасца, да здачы нумару якраз трапяць у Рэдакцыю. Сьвятло вымкнута, але турма ня сьпіць. Яна шуміць, як начныя джунглі. З камэраў далятае гоман і сьмех, часам рогат. Гукам турма нагадвае піянэрлягер. Удзень тут гуляюць у вылепленыя з хлеба шахматы, у “мафію”, у марскі бой, разгадваюць крыжаванкі. Пасьля адбою надыходзіць час слоўных гульняў. Турма бясконца прыгадвае рознагатункавых амонаўцаў і канвойных, языкаста жартуе з дыктатара, яго камарыльлі, радыёкамэнтатараў і сэржантаў, якіх сагналі на Акрэсьціна на варту з усяе сталіцы. “Цішэй трохі, бля!” – нагадваюць пра сябе яны, але гармідар не сьціхае. У вакенцы над дзьвярыма гарыць лямпачка, пры ёй я і пішу.
Ахоўнік сказаў гадзіну таму хлопцам у суседняй камэры, што на Акрэсьціна вязуць яшчэ трыста затрыманых. Выглядае фантастычна, мы ня схільныя верыць. Такія жарты пасьля тыдня канвэерных арыштаў. Апошняе вялікае паступленьне мы чулі ў суботу. Спачатку па камэрах пайшла чутка, што 15-тысячнае шэсьце кіруецца на Акрэсьціна, празь дзьве гадзіны гэта пацьвердзіў міністар Навумаў у навінах Беларускага радыё, і турма сустрэла яго словы скандаваньнем “Жыве Беларусь!” пад акампанэмэнт бразгату ўсім, што зьвініць, у батарэі. Ледзь цёплыя, яны зусім адключаюцца ўдзень.
Мы сядзім у новым карцары, яшчэ не дабудаваным, але пад завязку напханым арыштаванымі на плошчы й вакол яе. У камэры на пяць асобаў нас восем, і мы спрабуем мэтадам прапорцыі вылічыць агульную колькасьць інтэрнаваных. Мы ня ведаем колькасьці камэраў у старым корпусе. У новым іх недзе сорак. Колькі ж нас? У сьпісе на абед мы расьпісваемся пад нумарамі 327, 329… Шэсьцьсот? Васемсот? Беларускае радыё, адзіны даступны сродак інфармацыі, лічбы затрыманых не паведамляе – верная прыкмета, што яна вялізная.
…Я стаяў рукі за сьпіну, тварам да сьцяны ў прымальніку старога корпусу і з-за сталёвых дзьвярэй мне падаваў голас Алёша Янукевіч. Зь ім у адной камэры сядзяць Юра Сідун, Андрэй Церашкоў – усяго адзінаццаць чалавек. У старым корпусе цёпла, але тхне бамжамі й няма асобных ложкаў. Пакуль чакаю сваёй чаргі на асабісты вобшук, чую Анатоля Лябедзьку ў камэры No.4, ён нечага дабіваецца ад вартавога. А ці не з санпрапускніка далятае барытон філёзафа Акудовіча?
У суботу зь перадачай прыйдзе “Наша Ніва”, мы старанна разрэжам яе ўпакоўкай ад зубной шчоткі, расьцягнем на старонкі, і я зьдзіўлюся, пабачыўшы Акудовічавы парады па выжываньні ў намётах. Няўжо я не пазнаў голасу брата свайго?
Два корпусы турмы набітыя бітком. У камэрах бродзіць фэрмэнт. Сьвядомыя грамадзяне звыкаюць да турмы. Дэпрэсіі няма. Мы ведаем праз новазатрыманых пра размах пратэстаў на Дзень Волі. Турма вітае бурнымі воплескамі скандаваньні “Ганьба!” і “Жыве Беларусь!” ля акрэсьцінскай брамы. Хлопцы абмяркоўваюць, як закінуць у масы калегаў на працы ідэю акцыі салідарнасьці – грамадзяне ядуць двойчы на дзень, як і вязьні ў турмах, пакуль ня выйдзе на волю апошні арыштаваны. Хлопцы ўчытваюцца ў калёнку Валера Булгакава: “Будзьце гатовыя да ўсяго, але не карыцеся”.
З гонарам атрымліваем перадачы. Асобныя жонкі выбралі сабе ня самых зручных мужоў. Цешыць, што перадачы атрымліваюць і прыежджыя з раёнаў. Як у дзень судоў цешылі праваабаронцы і адвакаты – бясьсілыя зьмяніць вэрдыкт, але прысутныя.
Турма яднае. Нас шмат, і мы назіраем, як наша аптымістычная сіла захапляе канвойных. Яны, навічкі, узіраюцца ў нас, загаворваюць першыя. Некаторыя на разьвітаньне паказваюць нам у вочка пальцы, складзеныя літарай “V” – наша перамога. “Што, мучыцеся, пацаны? – пытаецца адзін такі. – А там у дзяўчонак у камэры ёсьць шпрыцы і порначасопісы”. І мы разам кладземся ад рогату.
Радзіма мая дарагая
Слухаем радыё. Чуем, што ў Францыі пачынаецца сацыяльны крызіс, што ў выніку закрыцьця шатляндзкіх пабаў на вуліцы апынулася 1200 чалавек. Адзначаем тыднёвае маўчаньне гаранта стабільнасьці сацыяльна-эканамічнага курсу. Перамога аранжавых ва Ўкраіне становіцца яснай па меры таго, як Беларускае радыё ўвесь панядзелак распавядае пра хаос на шэрагу выбарчых участкаў. Хлопцы адчуваюць, што ў гэтай перамозе ёсьць доля і нашай заслугі. Украінцы ўпару пабачылі, што вырабляюць прыяцелі Сыманенкі зь Вітрэнкай, каб утрымаць уладу. Па дзевяць разоў на дзень слухаем пра гнеўнае асуджэньне беларускім МЗСам умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі з боку ЗША і ЭЗ, і ведаем: гэта нас патрабуюць вызваліць. Хлопцы сарвалі рэжыму элегантную перамогу. Таму Лукашэнка маўчыць.
Да сакавіка мне здавалася, што Рэспубліка Брахня перажыве свайго творцу. У ізалятары я паверыў, што ўсё можа скончыцца нашмат раней. Я недаацэньваў сілу маральнага рухавіка, што кіруе тымі, хто пратэставаў, і шырыню сацыяльнае базы пратэстаў. У адрозьненьне ад 1996 і 2001 гадоў, тыя, хто ішоў на плошчу гэтай вясной, ведалі, на што ідуць.
Хто сядзіць са мной? Пераважна людзі, для якіх гэта першая адседка. Пераважна моладзь 18–35 гадоў. Менскі праграміст родам з Браслава; магілёўскі ды-джэй; іпэшнік з “Дынама” (этнічны расеец, сын вайскоўца, прыехаў у Беларусь у 17 гадоў) – жывое абвяржэньне тупых нацыяналістычных стэрэатыпаў. Яшчэ ёсьць бізнэсовец у кашэміравым паліто, ён жа пастар эвангельскай царквы; рабочы і адначасова музыка з Гомелю; журналіст газэты “Белорусы и рынок” Вадзім Александровіч; менскі сантэхнік з досьведам лідэрства ў “Маладым Фронце” і перакладу амэрыканскіх мультфільмаў на беларускую мову.
Асабовы склад
Камэры на Акрэсьціна жывуць напружаным духоўным жыцьцём. Прапаведнікі прапаведуюць пра выпрабаваньні, якія Бог пасылаў Язэпу, дысыдэнты з дваццацігадовым стажам апавядаюць пра справы дзён мінулых. Малодшыя нічога ня ведаюць пра вясну 1996-га. Зубры – наш спэцназ, гэта я па-сапраўднаму распазнаў і ацаніў толькі тут – дэманструюць веды і ўменьні. Няма тугі, няма страху. Ёсьць пачуцьцё споўненага абавязку. “Калі ня мы, дык хто?” – кажа гарадзенскі мэнэджар, які нагрузіў багажнік свайго “форду” кумпяком, сырам, мандарынамі і 21 сакавіка ў 6.00 рушыў у Менск. Даехаў да плошчы. Там і ўзялі.
Мяне затрымалі ўранку 21-га, пасьля першай ночы Плошчы. У спэцаўтобусе я быў не адзін: амонаўцы нагналі туды людзей, якія пачулі пра ўзьнікненьне намётавага мястэчка праз НТВ або Інтэрнэт. Першай рэакцыяй была салідарнасьць. Толькі адзін нёс палатку і вуду (прадметы акрэсьцінскіх анэкдотаў), астатнія – прадукты. Адна – восем булачак і тэрмас з гарбатай, другі – сорак глязураваных сыркоў. У тым другім я пазнаў хлопца з суседняга пад’езду, зь якім мы ведалі адзін аднаго ў твар, але не віталіся. У 1996-м суды штрафавалі за ўдзел у штурханіне з АМОНам. У 2006-м выпісвалі па сем сутак на нарах безь цюфяку дзяўчаткам за тэрмас чаю.
Сукамэрнікі і дзяўчаты
Калі пройдзе шок першых сутак, гэтыя дзяўчаты будуць сьпяваць на два галасы “Паветраны шар” і дражніць турэмшчыкаў, нават званком выкліка варты вызвоньваючы “Жыве Беларусь!”. Сукамэрнікі, затрыманыя пазьней, расказваюць, што гэта дзяўчаты заскандавалі “Застаёмся!”, калі Казулін увечары 21-га прапанаваў зьняць намётавае мястэчка, Мілінкевіч вагаўся, а мужчыны маўчалі.
Адзін з артыкулаў у мінулым нумары “НН” называўся “Першы дзень рэвалюцыі”. Але не было рэвалюцыі, былі пратэсты. Мне падалося, што яны былі больш маральнага, чым палітычнага характару, і калі ва ўладзе ёсьць хоць адзін цьвярозы чалавек, ён ня мог не зьвярнуць увагі на тое, што кожныя два з трох аўтамабіляў, якія праяжджалі праз Плошчу, сыгналілі на знак салідарнасьці зь мітынгоўцамі. Кажуць, ад 21 сакавіка ДАІ пачало перадаваць нумары сыгнальшчыкаў пастам, якія штрафавалі іх праз два кварталы. Не на плошчы, дзе адбывалася гуляньне ў “дэмакратычны фасад”.
Замкнёная прастора
Я сяджу на доўгай драўлянай лаўцы. На ёй жа я і сплю. Яна мае ўшыркі 28 сантымэтраў – я зьмераў каробкаю ад запалак. Мае сукамэрнікі цясьней прыціскаюцца сьпінамі адзін да аднаго на нарах – сьпяць вальтом – падцягваюць курткі з ног на сьцёгны, падтыкаюць рукавы. Бо холад паўзе з закратаванае адтуліны з пажарным апавяшчальнікам, што паміж камэрай і калідорам, дзьме з зацягнутай сеткай аконнае рамы, дзе замест шыбы ўстаўленае непразрыстае ўзмоцненае шкло – з такога пры позьніх саветах рабілі піжоністыя дзьверы ў кватэрныя блёкі панэльных шматпавярховак. Акрэсьціна нарэшце сьціхла. На батарэі сушацца шкарпэткі. У папяльнічцы, зробленай з кавалка хлеба – адзінага даступнага матэрыялу – тырчаць бычкі “Кента”. На карычневай драўлянай падлозе адбіваецца лямпачка, у калідоры кашляе вартавы, на абабітых бляхаю дзьвярах вылучаецца квадрат кармушкі, празь якую нам у камэру двойчы на дзень падаюць есьці. Калі ты не пакутуеш на кляўстрафобію, тут спакойна і па-свойму зацішна. Ты забясьпечаны, ад цябе нічога не залежыць.
Падчас зьняволеньня, як у часе цяжарнасьці, трывожна напачатку і пры канцы. У камэрах абмяркоўваюць, якіх правакацый можна чакаць “на выхадзе”. Амаль кожны тут мае знаёмага, на якім “вісіць” палітычна матываваная крымінальная справа. Асабліва балюча было чуць ад Сяргея Салаша (яго падсадзілі да нас на адну ноч перад судом) пра тое, што музэйшчыку Кастусю Шыдлоўскаму ў Браславе падкінулі наркотыкі. Ад гэтай улады можна чакаць усяго. Вярнуліся найгоршыя прыёмы савецкіх часоў, прытым што сам рэпрэсіўны апарат разбух.
Разьдзьмутыя структуры
Савецкі Саюз рыхтаваўся да вайны з вонкавым ворагам і ўкладаў грошы ў складаныя ракеты. Лукашэнкаўская ўлада ўсе сродкі ўкладае ў змаганьне з унутраным ворагам, таму так размножыліся і разрасьліся СОБР, “Алмаз”, ПМСП, спэцаддзелы Службы аховы прэзыдэнта, КДБ. Над імі – Рада бясьпекі і Віктар Лукашэнка, які гэтым апаратам загадвае. Унутраныя войскі вырасьлі шматкроць у параўнаньні з савецкім часам. Здаецца, вакол Плошчы дзейнічае кожная з гэтых структураў.
Арышты адбываліся па-рознаму. Чуў ад аднаго студэнта, як “алмазаўцы” зьбіралі сваіх затрыманых у сквэры Янкі Купалы, зьбівалі і дастаўлялі на Акрэсьціна, паклаўшы штабэлямі на падлогу аўтобуса. Ня ведаю, ці ёсьць тут перабольшаньні. У “зуброў” і некаторых рэгіянальных актывістаў праслухоўвалі тэлефоны. І бралі іх як асабліва небясьпечных злачынцаў, у электрычках або на кватэрах, зьнятых у Менску на суткі.
Наколькі можна меркаваць з асабістага кантакту, рэжым зможа абапірацца на тысячу адборных байцоў сваіх спэцпадразьдзяленьняў датуль, пакуль у яго будуць грошы ім плаціць. Элітныя аддзелы выхоўваюцца ў духу абсалютнай вернасьці загаду камандзіра, закон для іх – справа другасная. Байцы не адчуваюць дыскамфорту, выстаўляючы заведама фальшывыя абвінавачаньні кшталту “нецэнзурнай лаянкі” і г.д.
Рэпрэсіўная сыстэма выбудавалася. “Ідэалягічная вэртыкаль” замяняе сабой партыйную структуру. Яна каардынуе працу па індактрынацыі й кантралюе паводзіны людзей. Вэртыкаль цесна змыкаецца з апаратам спэцслужбаў (намесьнікі па ідэалёгіі часта выконваюць і абавязкі намесьнікаў па кадрах). Разам яны арганізуюць ці фальсыфікуюць псэўдавыбарныя працэдуры.Усё гэта адбываецца пад аркестар кіраваных СМІ. Пратэсты душацца сілавымі структурамі, пажадана прэвэнтыўна, прычым суды, выбаркамы і г.д. проста зацьвярджаюць прынятыя наверсе рашэньні. Спрыяльная эканамічная каньюнктура дазваляе ўдзельнікам гэтай сыстэмы верыць у яе даўгавечнасьць і, што немалаважна, справядлівасьць. Здаецца, лукашэнкаўская сыстэма, як і савецкая, будзе спараджаць бязьмежную духоўную карупцыю й прапагандысцкі ідыятызм. Аднак на першых парах яна выклікае ў тых, каму прыносіць матэрыяльную карысьць і ідэалягічнае задавальненьне, амаль таталітарную адданасьць. Гэта можна назіраць па Лідзіі Ярмошынай.
Таямнічыя візытанты
Мы, насельнікі камэры No.13, назіралі гэта на іншым чалавеку. Хто ён – мы так да канца і не зразумелі. Чаму ён прыходзіў – таксама. Гэта было ў пятніцу, 24 сакавіка, увечары. У ноч з 23 на 24 сакавіка якраз зьнесьлі намётавае мястэчка.
Да нас у камэру ўвайшлі двое ў цывільным у суправаджэньні акрэсьцінскіх начальнікаў-міліцыянтаў. Першы – бляндын у норкавай шапцы, з пранізьлівым неміргаючым поглядам эсэсаўца. Ён запатрабаваў расказаць, хто з нас кім працуе. Маўляў, вырашылі абысьці камэры і пабачыць, “што за публика устроила эти беспорядки”. “Мы вас ещё соберём вместе с заместителем министра образования”, – заявіў ён наймалодшаму з нас. “Чего тебе не хватает? Тебе денег мало платят?” – наляцеў на праграміста. Пікіроўка з ды-джэем скончылася кароткай лекцыяй, зь якой мы даведаліся, што:
– Казулін – здраднік і поп Гапон, за ім няма нікога, апроч тых трыццаці чалавек, што суправаджалі яго ў Палац чыгуначнікаў 2 сакавіка. Казуліну напісалі праграму, у якой слова “Беларусь” можна было б замяніць на “Ніжагародзкая вобласьць”;
– Мілінкевіч – мямля;
– нас выкарыстоўваюць, каб зарабіць грошы, вялікія грошы. І, пакуль мы мерзьлі, Мілінкевіч зь сям’ёй вячэраў у кабаку зь вінцом;
– у Беларусі будуецца дзяржава для народу, і ніхто ня мае права аспрэчваць волю 83% выбарцаў;
– любыя акцыі пратэсту будуць жорстка спыняцца.
Тут ён апэляваў да другога цывільнага, якога назваў сваім “сябрам па вучобе, які цяпер працуе ў Расеі”.
Візытанты рэціраваліся, калі Вадзім Александровіч уступіў зь імі ў палеміку па-беларуску. Расейскі “калега” спытаўся ў начальніка ІВС, “на каком языке говорит этот осуждённый?”. “На белорусском”, – адказалі яму.
Візытанты сышлі, а мы сталі думаць, хто ж гэта быў. Спыталіся ў вартавога, ён сказаў “намесьнік міністра”. Але выпраўкай і манэрамі візытант не выглядаў як намесьнік міністра ўнутраных справаў, хутчэй, як супрацоўнік спэцслужбы. Ці спэцпадразьдзяленьня. Разгадка прыходзіць з нумаром часопісу “Наш спорт”, які трапляе ў камэру зь перадачай. Гэты чалавек сядзіць паміж А.Лукашэнкам, С.Сідорскім і М.Паўлавым на матчы Беларусь–Гішпанія. Так, гэта Лушнікаў, кіраўнік асабістай аховы прэзыдэнта. І што рабіў побач з гэтым беларускім інкогніта ў цывільным расейскі спэцслужбіст? Ці азначае гэта, што 19–25 сакавіка ў Менску прысутнічаў расейскі дарадца(-ы)? Цікавы паварот.
Што значыў гэты візыт? Магчыма, проста жаданьне пабачыць “ваеннапалонных” на свае вочы. Хто яны, каторыя наважваюцца кідаць выклік імпэрыі? Найбольш парадавала нас у словах гэтага цывільнага тое, што з намётавага мястэчка перад штурмам ніхто ня выйшаў “кроме наших”.
Тэрапія ахвярнасьцю
Знадворку сьвітае, значыць камэра No.13 неўзабаве прачнецца. Трэба закругляцца: пісаць пад размовы, перакуры і фізыялягічнае жыцьцё сямі сукамэрнікаў нерэальна.
Краіна зрабіла яшчэ адзін крок ад нармальнасьці. Было нагнятаньне атмасфэры тэрору перад выбарамі й здушэньне пратэстаў Сакавіка-2006 мэтадам татальных арыштаў.
Больш ня мае значэньня, парушаеш ты закон ці не. Цябе могуць адлічыць, звольніць, зьбіць, затрымаць, пасадзіць, варта табе весьці любую дзейнасьць, прыраўненую да апазыцыйнай.
Рэжым хацеў задушыць мястэчка блякадай, узяць на змор. Самая сутнасьць рэжыму праявілася ў гэтых арыштах людзей па дарозе ў туалеты, хапаньні дзяўчат з тэрмасамі, маскіроўцы аўтазакаў за бігбордамі “За процветающую Беларусь”. Для гэтага рэжыму тэлекарцінка важыць больш за ўсё астатняе. Улады інтэрнавалі ўсіх, хто падаваўся ім прэвэнтыўным арганізатарам пратэстаў, пасьля затрымлівалі ўсіх запальшчыкаў пратэсту. Але адбылося неспадзяванае – на месца кожнага затрыманага прыходзілі тры новыя, а прадукты людзі сталі праносіць на сабе. Фатографы задакумэнтавалі шчасьлівы твар хлапчука, які распрануўся і здымае абкручаныя вакол цела сасіскі.
Існаваньне намётавага мястэчка паклікала тысячы людзей на геройскія ўчынкі, малыя і вялікія. І гэтыя ўчынкі застануцца зь людзьмі на гады, асьвятляючы іх сэрцы.
Тэрапія ахвярнасьцю – вось чым былі пратэсты Вясны-2006. Улады зразумелі, што прайгралі. Нязграбна зьнішчылі мястэчка. Гэта не дапамагло, таму на Дзень Волі ўлады пайшлі на зусім прымітыўную правакацыю. Так я бачу карціну гэтых дзён, большую частку якіх правёў за кратамі. Калі памыляюся, папраўце.
Аляксандар Мілінкевіч заяўляў, што пасьля 19 сакавіка Беларусь прачнецца іншай – сьмелай і свабоднай. Я ня быў пэўны, што гэта не прапагандысцкі зварот. Я ня ведаю, што там у вас на волі. Я ня ведаю, хто там яшчэ на волі. Я баўлю гэтыя дзесяць дзён сярод людзей, якія прайшлі тэрапію ахвярнасьцю, і гэта сьветлыя дні сярод сьветлых людзей. Магчыма, Мілінкевіч не памыляўся.
23.00, 27 сакавіка – 6.00, 28 сакавіка
Published 3 April 2006
Original in Belarusian
Contributed by Arche © Andrej Dynko / Eurozine
PDF/PRINTNewsletter
Subscribe to know what’s worth thinking about.