Kансалідацыя

Паўтара гады таму, у красавіку 2010, мне прадставілася магчымасць перакінуцца нефармальна некалькімі фразамі з адным уплывовым заходнееўрапейскім амбасадарам у Кіеве. Маё пытанне было досыць простым: “Як вы можаце спакойна трываць усё тое, што вакол дзеецца?..”

Я меў на ўвазе перш за ўсё, вядома, дзяржаўны пераварот, здзейснены рэгіяналамі ў парламенце неўзабаве пасля інаўгурацыі Віктара Януковіча. Тады, нагадаю, яны не толькі сфармавалі абсалютна нелегітымны, антыканстытуцыйны ўрад з дапамогай так званых дэпутацкіх “тушак”, але і спрытна зачысцілі Канстытуцыйны суд, замяніўшы не занадта згаворлівых суддзяў разумнейшымі. Таму далейшая легітымізацыя дзяржаўнага перавароту гэтым спецыфічным органам была ўжо справай тэхнікі.

Шаноўны амбасадар паблажліва ўсміхнуўся на мае аргументы і сказаў: “Ну, так, але вы ведаеце, што і папярэдні ўрад не быў узорам законапаслухмянасці…”

Прыкладна такой, думаю, была тагачасная пазіцыя большасці еўрапейскіх урадаў адносна падзеяў ва Украіне. Хаця і не зусім маральная і паслядоўная, яна ўсё ж не была зусім беспадстаўнай. Аранжавыя лідэры змудрыліся за пяць гадоў не толькі скампраметаваць нацыянал-дэмакратычныя ідэі і ідэалы ў самой Украіне, яны яшчэ і паспяхова скампраметавалі саму Украіну ў вачах міжнароднай супольнасці. Іх бездапаможнасць, неэфектыўнасць і суіцідна-паранаідальныя міжусобіцы давялі да беспрасветнага адчаю нават самых сімпатызуючых Украіне.

І ўсе прафесійныя палітыкі строяць свае меркаванні і практычныя дзеянні не толькі на эмоцыях, але і на пэўных выразна ўсвядомленых рэаліях.

Па-першае, у палітычным плане аранжавая Украіна не адрознівалася істотным чынам ад балканскіх дзяржаваў пасля падзення ў іх камунізму. Нізкі грамадскі ўзаемадавер і схільнасць да самагубчых міжусобіцаў былі ўласцівыя ў той ці іншай ступені ім усім. Усе гэтыя краіны мелі патрэбу ў вонкавым арбітры – third-party enforcement (“прымус з боку трэцяга боку”) – для дасягнення мінімальнага грамадскага кампрамісу і ажыццяўлення неабходных інстытуцыйных рэформаў. Калі б Еўрасаюз адразу па рэвалюцыі прапанаваў Украіне доўгатэрміновую перспектыву сяброўства, ён атрымаў бы эфектыўны рычаг уздзеяння на ўкраінскую палітыку, а Расея страціла б магчымасць запаўняць існуючы геапалітычны вакуум сваёй дэструктыўнай дзейнасцю. Затое Еўрасаюз прапанаваў Украіне неэфектыўны план дзеянняў у рамках так званай Еўрапейскай палітыкі суседства, задуманы задоўга да Памаранчавай рэвалюцыі – для аўтарытарнага рэжыму Леаніда Кучмы. Калі ЕС заслугоўвае пахвалы за адносны поспех посткамуністычнай трансфармацыі на Балканах, ён гэтак жа – з такіх самых прычынаў – заслугоўвае папрокаў за ўкраінскую паразу.

Па-другое, хоць памаранчавы ўрад і сапраўды не быў узорам законапаслухмянасці, на фоне сваіх цяперашніх канібальскіх спадчыннікаў ён выглядае цалкам па-вегетарыянску. Ужо сам факт, што памаранчавы ўрад быў глыбока расколаты і займаўся галоўным чынам ўнутранымі разборкамі, а не разборкамі з тагачаснай “рэгіянальнай” апазіцыяй, робіць тагачасную сітуацыю кардынальна адрознай ад цяперашняй – калі практычна ўся ўлада сканцэнтраваная ў адных руках, зусім непераболівых адносна сродкаў яе ажыццяўлення.

Прасцей кажучы, экс-прэзідэнт Віктар Юшчанка не выяўляў ні асаблівых схільнасцей, ні, тым больш, здольнасцяў да манапалізацыі ўлады ў стылі Кучмы або Януковіча; не выкарыстаў ён і падкантрольнай яму Службы бяспекі для пераследу палітычных апанентаў, не абмяжоўваў свабоды мас-медыя, свабоды сходаў і мітынгаў, не нацкоўваў падатковую службы на сваіх палітычных супернікаў, не маніпуляваў выбарамі. Адносна ж да экс-прэм’еру Юліі Цімашэнкі, то яна, безумоўна, мела і адпаведныя схільнасці, і адпаведныя здольнасці, аднак не мела адпаведных магчымасцяў, бо ўсе яе ініцыятывы эфектыўна абмяжоўвалі не толькі апазіцыя, але і прэзідэнт, які часта граў у адной камандзе з рэгіяналамі.

І па-трэцяе, усю гэтай дысфункцыянальную дэмакратыю, так званы вымушаны плюралізм (pluralism by default) можна было выправіць двума спосабамі: альбо прыбраўшы дысфункцыянальнасць – праз адпаведныя інстытуцыйныя рэформы і ўкараненне вяршэнства права, ці прыбраўшы самую дэмакратыю – праз канцэнтрацыю ўсіх галін улады ў руках аўтарытарнага прэзідэнта, – што, уласна, і адбылося за паўтара гады кіравання Януковіча. Захад, падобна, настолькі стаміўся ад ўкраінскага палітычнага хаосу і інстытуцыйнай дысфункцыянальнасці, што з палёгкай ўспрыняў абяцанне новай улады навесці такі-сякі парадак і ажыццявіць даўно наспелыя рэформы ў краіне, прыгнечанай сусветным эканамічным крызісам, унутранымі палітычнымі міжусобіцамі і бесперапыннымі расійскімі інтрыгамі. Пры адсутнасці, аднак, выразнай чырвонай лініі рэгіяналы ўспрынялі стомленую паблажлівасць Захаду за маўклівы дазвол на манапалізацыю ўлады пад магічнымі лозунгамі “парадку” і “рэформаў”.

За паўтара гады яны згарнулі ўсе тыя грамадзянскія свабоды, якія за Юшчанкам выдаваліся само сабой разумеючыеся і якімі самі рэгіяналы ў “апазіцыйнай” ролі ахвотна карысталіся, яны аднавілі цэнзуру, асабліва на тэлебачанні; зноў усклалі на СБУ звыклыя функцыі савецкага КДБ адносна сачэння і запалохвання палітычных апанентаў; зноў пачалі выкарыстоўваць падатковую інспекцыю і паліцыю для палітычнага ціску, у прыватнасці, “нелаяльнага” бізнесу; яны звялі на нішто функцыі непадкантрольнага ім Вярхоўнага Суда, перадаўшы іх кішэннай Вышэйшай радзе юстыцыі; адмянілі, насуперак канстытуцыі, мясцовыя выбары і пераназначылі іх на больш зручны для сябе тэрмін; заключылі юрыдычна сумнеўныя “Харкаўскія пагадненні” з Расіяй і ратыфікавалі іх з без усялякага сораму ў працэдурнымі парушэннямі; яшчэ раз выкарысталі марыянеткавы Канстытуцыйны суд для адмены канстытуцыйных зменаў 2004 года і вяртання Януковічу султанскай улады, і г.д. і да т.п.

У гэтым кантэксце бкйнамаштабнае выкарыстанне “выбарачнага правасуддзя” для расправы з палітычнымі апанентамі, у прыватнасці, з Юліяй Цімашэнкай і віднымі прадстаўнікамі яе каманды не мусіць занадта нас здзіўляць. Віктар Януковіч і ягоная кліка вельмі паслядоўныя ў рэалізацыі сваёй стратэгічнай лініі, накіраванай на максімальную кансалідацыю рэжыму, манапалізацыю ўсіх рэсурсаў і ліквідацыю ўсіх патэнцыйных супернікаў, у якіх яны бачаць рэальную пагрозу свайму дамінаванню. Сам факт, што Цімашэнка атрымала не толькі 7 гадоў зняволення, але і тры гады забароны займаць дзяржаўныя пасады, выразна паказвае жаданне рэжыму выключыць яе з прэзідэнцкіх выбараў не толькі 2015, але і 2020 году, гарантуючы тым самым Януковічу асабістую бяспеку на бліжэйшыя паўтара дзесяцігоддзі.

Tады чаму ж такі шум падняўся на Захадзе вакол менавіта гэтага справы? Чым зняволенне Цімашэнкі з’яўляецца горшае за парламенцкі пераварот 2010 году, які Захад праглынуў і нават не паморшчыўся? Ці за бесцырымонныя фальсіфікацыі леташніх мясцовых выбараў? Ці за цынічнае “аднаўленне” кучмоўскай канстытуцыяй рукамі маніпулюемых з прэзідэнцкай адміністрацыі “канстытутак”? Чым лёс Юліі Цімашэнка важнейшы за лёс Юрыя Луцэнка і іншых палітвязняў, якім рэгіянальная зграя банальна помсціць за спалох часоў Памаранчавай рэвалюцыі? Чаму дзясяткі людзей, якіх доблесныя рыцары Харашкоўскі і Магілёва незаконна арыштоўваюць і катуюць на допытах, не выклікаюць падобнай спагады з боку Еўрасаюза?

Цімашэнка – як галоўны супернік Януковіча 2010-га і, патэнцыйна, 2015 года – з’яўляецца, несумненна фігурай знакавай. Яе зняволенне – гэта тая чырвоная лінія, пераступіўшы якую Януковіч з клікай вымушаныя будуць адказваць не толькі за гэта, але і за ўсе іншыя свае бясчынствы. Занадта доўга еўрапейскія палітыкі пасылалі Януковічу сігнал, якога ён, падобна, так і не зразумеў, а калі і зразумеў, то дэманстратыўна праігнараваў. Можна лічыць гэта глупствам, як сцвярджаюць ледзь ці не ўсе каментары, хаця насамрэч ёсць у гэтым свая – асабліва мафіёзная – логіка і свая – досыць відавочная – паслядоўнасць. Цімашэнка арыштаваная не таму (а дакладней – не толькі таму), што яна пагражае Януковічу асабіста, а таму што пагражае таму космасу, той светабудове, які ён сабе выбудоўвае і ў якім плануе атрымліваць асалоду ад не толькі матэрыяльнага, але і псіхалагічнага камфорта. Па вялікім рахунку, ужо адной спробы Юліі Цімашэнкі адабраць у яго Міжгор’і павінна быць дастаткова, каб асудзіць яе пажыццёва па ўсіх магчымых артыкулах Крымінальнага кодэксу.

У гэтым сэнсе зняволенне Цімашэнкі мае чыста рытуальны характар – як і, скажам, дадатковы тэрмін для Хадаркоўскага, як і забойства Паліткоўскай менавіта ў дзень нараджэння Пуціна, як і атручванне Літвіненкі не якім-небудзь цыянідам, а абавязкова палоніем.

Міфалагічныя дзеянні не вызначаюцца традыцыйнай логікай і не падпадаюць пад звычайныя крытэры рацыянальнасці. Для разумення постсавецкіх рэжымаў недастаткова паліталагічных падручнікаў; пажадана яшчэ і пачытаць тэорыю міфа (Леві-Строса, напрыклад, ці Меляцінскага), а таксама добрую дакументальную кнігу аб італьянскай, амерыканскай або любой іншай (ды хоць бы і Данецкай, калі ёсць) мафіі.

Звальненне Цімашэнкі – або па амністыі, ці іншым спосабам – нічога не дасць Януковічу, як і нічога не дало б яе гіпатэтычнае ўтрыманне на волі, бо раней ці пазней яму ўсё роўна давялося б пераступіць чырвоную лінію – калі не гэтую, то іншую, і усё адно давялося б адказваць перад абуранымі еўрапейцамі за тую апошнюю кроплю, якая абавязкова перапоўніла б іх цярпенне, а значыць, і за ўсе папярэднія кроплі, як і наступныя. Агульная логіка развіцця рэжыму Януковіча, агульны лад яго мыслення не прапануюць іншай траекторыі. А таму наракаць на яго дзеяння – гэта ўсё адно што крытыкаваць “не той” кірунак ветру ці, скажам, абурацца дзеяннямі тыгра, які сілкуецца антылопай, а не зялёнай траўкай.

Віктар Януковіч, нягледзячы на ўсю ўнутраную і міжнародную крытыку, рухаецца выключна наперад, г.зн. у той бок, які падаецца яму “перадам”: умацоўвае сваю аўтарытарную ўладу, саджае апанентаў, фальсіфікуе выбары, узмацняе ціск на грамадзянскую супольнасць і рэшткі незалежнага бізнесу. Ні сам прэзідэнт, ні ягоныя бліжэйшыя паплечнікі не могуць змяніць цяперашняй палітыкі, бо проста не разумеюць, што яна можа быць нейкай іншай, а калі і разумеюць, то ўсе іх падставовыя інстынкты абапіраюцца на самагубчае патрабаванне граць па правілах. Гэтыя людзі кіравалі Данбасам менавіта такімі метадамі, і менавіта ім абавязаны сваім цяперашнім поспехам, уладай і багаццем. Дык чаму ім раптам ад гэтых звыклых метадаў адмаўляцца? Правінцыйныя “эліты” даволі слаба ўяўляюць заходні свет, затое ведаюць больш ці менш, як дзейнічае ўлада ў Расеі і іншых постсавецкіх дзяржавах. Прыкладна так яна павінна дзейнічаць і ва Ўкраіне і ўсім свеце. А ўсё балбатня пра дэмакратыю і правы чалавека – гэта толькі хітрыкі Захаду, які хоча накінуць лохам свае правілы гульні. Не на такіх напалі! Украінскія дзецюкі выразна ведаюць, што ў рэчаіснасці ў цэлым свеце, як і ў нас, на Данбасе, сіла ламае права, пераможца атрымлівае ўсё, а мэта апраўдвае сродкі. Заходнія хітруны проста лепш навучыліся рабіць выгляд, што гэта не так.

Януковічавы рэжым, вядома, пастараецца пазбегнуць міжнароднай ізаляцыі, і таму будзе блефаваць і надалей на тэму сваіх абсалютна фіктыўных “еўраінтэграцыйных” планаў; пастараецца таксама шантажаваць Захад пагрозамі рэ-інтэграцыі з Расеяй; нарэшце, спрабаваць вымяняць сённяшніх палітвязняў, як закладнікаў, на тыя ці іншыя саступкі ад ЕС. Аднак ніякіх істотных зменаў у вобразе мыслення і паводзінаў гэтых людзей чакаць не варта. І чым хутчэй Захад гэта зразумее, тым лепш. Сапраўды рашучыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму могуць у прынцыпе выклікаць ягонае пэўнае расслаенне, падахвочваючы тых алігархаў, якія шчыльна звязаныя з Захадам, зрабіць стаўку на альтэрнатыўныя фігуры і палітычныя партыі, каб пазбегнуць далейшай беларусізацыі Украіны і яе міжнароднай ізаляцыі. Яны могуць падтрымаць, па меншай меры употай, намаганні грамадзянскай супольнасці, накіраваныя на змену рэжыму ў парламенцкіх выбарах 2012 і прэзідэнцкіх выбарах 2015 году. Наўрад ці гэтыя выбары будуць цалкам сумленнымі, а ўсё ж, верагодна, будуць яшчэ адносна свабоднымі і канкурэнтнымі.

Калі грамадства не зможа іх выйграць, належна змалібізаваўшыся, ва Украіне адбудзецца канчатковая кансалідацыя аўтарытарызму паводле расейска-беларускага ўзору. Далейшыя выбары ва Ўкраіне такім чынам, будуць мець сэнс, не большы за у лукашэнкаўскія або карымаўскія. Такія рэжымы таксама раней ці пазней падаюць, але кошт іх падзення будзе для ўсёй краіны непараўнальна вышэй, не кажучы ўжо аб цане іх шматгадовага знаходжання ва ўладзе.

Published 28 October 2011
Original in English
First published by www.arche.by 31/10/2011 (Belarusian version); Eurozine (English version)

Contributed by Arche © Mykola Riabchuk / Arche / Eurozine

PDF/PRINT

Read in: EN / UK / BE / DE

Published in

Share article

Newsletter

Subscribe to know what’s worth thinking about.

Discussion