Як Жанчыны Перажылі Посткамунізм (І Не Сьмяяліся)
У 1992 годзе я апублікавала кнігу пад назвай “Як мы перажылі камунізм і нават сьмяяліся пры гэтым” (“How We Survived Communism and Even Laughed”). Яна ўяўляла сабою адну зь першых спробаў дакумэнтацыі жыцьця жанчын у часы камунізму ва Ўсходняй Эўропе. Цяпер, больш як праз два дзесяцігодзьдзі, надыйшоў час зьвярнуць у гэтым кірунку яшчэ адзін погляд. Але гэтым разам пытаньне будзе трохі іншага кшталту: як жанчыны перажылі пераход з адной сыстэмы ў іншую, і ці насамрэч ім цяпер сьмешна?
Ня так даўно Эўропа адсьвяткавала 25-ю гадавіну падзеньня Бэрлінскай сьцяны й каляпсу таталітарнага рэжыму ва Ўсходняй Эўропе. Актуалізаваліся многія ўспаміны й праблемы: ад мараў Эўропы пра даўно прамінулыя часы – да карупцыі, расчараваньняў і страты даверу да палітыкі й палітыкаў. Але – дзіўным чынам – адна з тэмаў была прапушчаная, або, прынамсі, прысутнічала вельмі пункцірна: як гэтая крытычная перамена паўплывала на жанчын? Ці сапраўды новая сыстэма – дэмакратыя – у роўнай ступені працуе для прадстаўнікоў абодвух палоў?
На гэтае пытаньне адказ будзе адмоўным: не, не працуе! Існуе мноства дасьледаваньняў, якія паказваюць, што ва Ўсходняй Эўропе жанчыны ў большай ступені, чым мужчыны, зазнаюць нэгатыўны ўплыў праблемаў, зьвязаных з сацыяльным статусам, удзелам у палітычным жыцьці й са здароўем (глядзі, напрыклад: ініцыятыва “OECD Gender Equality initiative“).
У той жа час, нягледзячы на наяўнасьць дасьледаваньняў па шэрагу канкрэтных краінаў, агульнай карціны разуменьня ўплыву трансфармацыі на жанчын няма. Адной з магчымых прычынаў зьяўляецца той факт, што ўсходнеэўрапейскія жанчыны, нарэшце, больш не адчуваюць сваю прыналежнасьць да адзінага блёку. Аднак менавіта агульны досьвед жыцьця ў часы камунізму шчыльна зьвязвае іх усіх, робячы значны ўплыў на іхны лёс пасьля 1989-га.
***
І насамрэч я перажыла камунізм і нават сьмяялася пры гэтым. Але з тых часоў мне часта было не да сьмеху. Па-першае, вядома, з той прычыны, што ў былой Югаславіі падзеньне старой сыстэмы прынесла з сабою войны. Тое, што калісьці было нашай перавагаю перад іншымі краінамі савецкага блёку – разнавіднасьць “мяккага таталітарызму” – ператварылася ў недахоп, які палягаў (калі пакінуць па-за ўвагай нацыяналістаў) у адсутнасьці дэмакратычнай палітычнай апазыцыі, гатовай пачаць дзейнічаць пасьля падзеньня камунізму.
Паўсюль у краінах Усходняй Эўропы многія перасталі сьмяяцца проста таму, што посткамунізм аказаўся зусім ня тым, пра што яны марылі. Вядома, шмат што залежала ад краіны: Польшчу нельга параўноўваць з Альбаніяй, – але многія людзі ва Ўсходняй Эўропе апынуліся ў сытуацыі, калі ўзрастаюць беднасьць і ненадзейнасьць. І калі беднасьць ім была не ў навіну, то пашырэньне прорвы паміж багатымі й беднымі ўяўляла сабою новы фэномэн. Сёньняшні сьвет можа здавацца ўнівэрсамам, поўным ласункаў, але большасьці ўсё ж даводзіцца глядзець на прысмакі, толькі стоячы ля вітрыны. Вось як апісвае кансьюмэрызм і ягоныя новыя цэрквы пэрсанаж маёй кнігі “Экскурсія па музэі камунізму” (“A Guided Tour Through the Museum of Communism”) – крот з Усходняга Бэрліну:
“Вось як усё тут працуе, і зь 9 лістапада 1989 году да нашых дзён не зьмянілася нічога: кожны Ўнівэрсам (і нават самы маленькі Гастраном) кантралюецца гульнявымі аўтаматамі пад назвай касавыя апараты. Гэтыя апараты разьмешчаныя не на ўваходзе, а на выхадзе з царквы. Калі вернік падыходзіць да апарату з кошыкам, напоўненым жаданым таварам, прызначаным для спатоленьня ягонай ці ейнай прагі валоданьня, апарат пільна вывучае гэтага чалавека. Мне здаецца, што гэта нейкая праверка веры; апарат прапускае чалавека, толькі калі той ёсьць сапраўдным вернікам. Веру можна прадэманстраваць, засунуўшы плястыкавую картку ў апарат або аддаўшы сымбалічныя паперкі ці мэталічныя жэтоны таму, хто сядзіць за касавым апаратам, часьцей за ўсё жанчыне. Людзі, якія не прайшлі тэст, павінны вярнуць усе цудоўныя прысмакі, якія яны сабралі, і праз гэта яны становяцца вельмі й вельмі сумнымі”.
Перш чым вярнуцца да спробаў зразумець, як жа мы перажылі камунізм, дазвольце працытаваць Дёрдзя Конрада, чый пісьмовы зварот “Спэлеолягам з Захаду”, датаваны 1988 годам, дасьць вам уяўленьне пра тое, як, на нашую думку, у тыя часы нас успрымалі заходнікі:
“Мы – бедныя сваякі, мы – тубыльцы, мы – тыя, каго пакінулі ззаду: адсталыя, нізкарослыя, дэфармаваныя, апушчаныя й выкінутыя, жабракі, паразыты, махляры, прысмочкі. Сэнтымэнтальныя, старамодныя, несур’ёзныя, неінфармаваныя, трывожныя, мэлядраматычныя, хітрыя, непрадказальныя, нядбайныя. Тыя, хто не адказвае на лісты, тыя, хто прапускае выдатныя магчымасьці, жорстка п’е, балбатуны, якія ляніва разваліліся на ганку, мы – тыя, хто ня робіць справы своечасова, тыя, хто не трымае слова, выхвалякі, шпана, пачвары, недысцыплінаваныя, тыя, каго лёгка пакрыўдзіць, тыя, хто абражае адно аднаго да сьмерці, але пры гэтым ня здольныя кінуць адно аднаго. Мы непрыстасаваныя, здольныя толькі скардзіцца, атручаныя няўдачамі людзі.
Мы выклікаем раздражненьне, перабіраем меру, мы дэпрэсіўныя, і нам вечна не шанцуе. Людзі прызвычаіліся не выказваць да нас павагі. Мы – танная рабочая сіла; у нас заўсёды можна атрымаць тавар па больш нізкім кошце; людзі дораць нам старыя газэты. Ад нас прыходзяць нядбайна набраныя лісты, поўныя непатрэбных падрабязнасьцяў. Людзі са шкадаваньнем усьміхаюцца нам, пакуль мы раптам не становімся ім непрыемнымі.
Пакуль мы не гаворым чаго-небудзь дзіўнага або рэзкага; пакуль мы не ўтаропімся на свае пазногці й не пакажам зубы; пакуль мы ня станем дзікімі й цынічнымі”.
Маё бачаньне з-за “жалезнай заслоны” было іншым. У 1990 годзе, адразу ж пасьля падзеньня камунізму, я выправілася ў падарожжа па Ўсходняй Эўропе па заданьні “Ms.”, амэрыканскага фэміністычнага часопісу. Я пабывала ў Вугоршчыне, Чэхаславаччыне, Польшчы, Баўгарыі й Румыніі – і, безумоўна, зрабіла свае ўласныя высновы наконт камунізму ў былой Югаславіі, каб апісаць жыцьцё жанчын у маёй частцы сьвету.
Калі Конрад разглядаў сытуацыю нібыта з вышыні птушынага палёту, мой уласны погляд выходзіў зь нізоў, з пэрспэктывы жабкі, калі хочаце. Мяне цікавілі сувязі паміж палітыкай і штодзённасьцю. І больш за ўсё – жыцьцё жанчын, якія там, у нізах, несьлі самую цяжкую ношу, клапоцячыся пра дзяцей і пажылых, ведучы гаспадарку, – і рабілі ўсё гэта, працуючы на поўную стаўку. Літаральна кожная жанчына, зь якой мне ўдалося пагутарыць – ці то ў Баўгарыі або Польшчы, Чэхаславаччыне або Вугоршчыне, – магла дакладна сказаць, як менавіта камунізм нашкодзіў ёй: ад недахопу прадуктаў і дзіцячых пампэрсаў да праблемаў з жылплошчай і туалетнай паперай. Менавіта праз гэтыя банальныя паўсядзённыя рэчы камунізм і пацярпеў крах, задоўга да 1989 году, а зусім ня праз жаданьне людзей здабыць свабоду, правы чалавека й дэмакратыю, як ні сумна мне ў гэтым прызнавацца.
“Вызваленьне зьверху” – як я гэта называю – аказалася асноўным адрозьненьнем паміж жыцьцём жанчын пры камунізьме й жыцьцём жанчын у заходніх дэмакратыях. Вызваленчы закон быў убудаваны ў камуністычную прававую сыстэму, гарантуючы жанчынам усе асноўныя правы: ад галасаваньня да права на прыватную ўласнасьць, ад адукацыі да разводу, ад роўнай аплаты за працу да права на кантроль над уласным целам.
Але, як пісаў Ульф Брунбаўэр у 2000 годзе ў сваім эсэ “Ад роўнасьці без дэмакратыі да дэмакратыі бяз роўнасьці?”, “заявы пра гендэрную роўнасьць ніколі не адпавядалі сацыяльнай рэальнасьці. Патрыярхальныя каштоўнасьці й структуры не былі зьнішчаныя, “патрыярх сям’і” быў заменены на аўтарытарную дзяржаву – эмансыпацыя не зьяўлялася самамэтай, а была інструмэнтам больш шырокіх палітычных задачаў, якiя вызначаліся партыяй“.
Фармальная роўнасьць жанчын у камуністычным сьвеце вытрымлівалася пераважна ў грамадзкім жыцьці й унутры інстытуцыяў. У прыватнай сфэры, зь іншага боку, дамінаваў мужчынскі шавінізм. Што выяўлялася, напрыклад, у пашырэньні маўклівага хатняга гвалту, а таксама ў тым, што звычайна мужчыны ня ўдзельнічалі ў хатніх справах, і гэта пакідала жанчынам менш часу, які яны маглі б выдаткаваць на сябе. І справа была ня толькі ў тым, што жанчынам неставала свабоды – і часу, – каб змагацца за перамены, але, што больш важна, бракавала веры ў неабходнасьць пераменаў. Думаць замест цябе ставілася ў абавязкі кагосьці там, зьверху. І з той прычыны, што перамены прыйшлі ад актуальнай на той час улады, жанчын прымусілі паверыць у тое, што неабходнасьці зьмяняць што-небудзь не было, гэтаксама як і не было рэчаў, якія маюць патрэбу ў пераменах.
Аднак, калі б меліся меншыя праблемы, якія вынікаюць са спэцыфічных патрэбаў жанчын, узьніклі б жаночыя арганізацыі, накіраваныя на вырашэньне гэтых пытаньняў. Тым ня менш яны былі толькі прыладамі ўлады камуністычнай партыі й ў большай ступені тычыліся ідэалёгіі, а не жанчын і іх патрэбаў. Фэміністычнай сьвядомасьці не існавала. Жанчыны былі эмансыпаваныя, таму пытаньне абмеркаваньня правоў жанчын не стаяла, не было самой сутнасьці магчымай дыскусіі. Лічылася, што жанчыны быццам бы жывуць у ідэальным сьвеце й самі ня цалкам гэта ўсьведамляюць ці ўвогуле гэты факт не шануюць. А тыя, хто спрабаваў адукаваць іх у дачыненьні да рэальнай сытуацыі, успрымаліся як “падазроныя суб’екты”. Жанчыны, якія спрабавалі публічна абмяркоўваць фэмінізм у Югаславіі ў 1980-х гадах, былі абвінавачаныя ўладамі ў “імпарце замежных буржуазных ідэяў”.
Першая групоўка югаслаўскіх фэміністак, пераважна маладых студэнтак і навукоўцаў (звычайна акурат жанчыны-дасьледчыцы лёгка станавіліся фэміністкамі, бо яны заўсёды маглі растлумачыць сваю далучанасьць выключна навуковай цікавасьцю да праблемы), сабралася разам у 1978 годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Бялградзе. Канфэрэнцыя сталася плённай, паклаўшы пачатак стварэньню жаночых сетак, нават калі тыя па-ранейшаму існавалі ў межах афіцыйных аб’яднаньняў, такіх як Сацыялягічнае таварыства Харватыі, бо ў той час зарэгістраваць незалежныя арганізацыі было проста немагчыма.
Канфэрэнцыя 1978 году, мабыць, сталася шокам як для нашых замежных гасьцей, так і для нас саміх. І зусім не праз радыкальныя ідэі Бэці Фрыдэн або Джэрмэн Грыр – іхныя працы былі нам ужо вядомыя. Тое, што шакавала абодва бакі, якія прымалі ўдзел у канфэрэнцыі, быў наш выгляд! Большасьць югаслаўскіх удзельніц насілі высокія абцасы й рабілі даволі кідкі макіяж, – у той час як замежныя фэміністкі зь Нямеччыны, Францыі й Італіі наогул былі не нафарбаваныя, у туфлях на плоскай падэшве й у даволі мехаватых сукенках. Здавалася, што яны хацелі пацьвердзіць забабоны, якія існавалі наконт іх. Я памятаю, што там нават быў цэлы сэмінар на тэму высокіх абцасаў – такою высокай была важнасьць зьнешняга выгляду ў межах ідэалёгіі фэмінізму. Мы спрабавалі расказаць нашым калегам, сярод якіх былі Дачыя Мараіні, Эліс Шварцэр, Элен Сіксу, Крысьцін Дэльфі й Марыя Роза Кутруфэлі, што касмэтыка была нам важная, таму што яе было цяжка здабыць. Але, як мы зразумелі пазьней, раскол быў значна глыбейшы, чым розьніца ў вонкавым выглядзе. Сутыкненьне адбылося паміж нашым досьведам эмансыпацыі зьверху й іхнай нізавой барацьбой. Розьніца ў двух тыпах успрыманьня сталася адной з тэмаў маёй кнігі “Як мы перажылі камунізм і нават сьмяяліся пры гэтым”.
Я таксама памятаю канфэрэнцыю “Сястрыцтва – глябальнае”, якая адбылася на Род-Айлендзе ў ЗША ў 1983 годзе. Яна паклала пачатак міжнароднай фэмінісцкай сетцы, і ў канфэрэнцыі ўзялі ўдзел жанчыны з усіх кантынэнтаў. Тым ня менш жанчын з камуністычнага сьвету было вельмі мала. Сама канфэрэнцыя спрыяла зьяўленьню ня толькі Інстытуту “Сястрыцтва – Глябальны Інстытут”, але й пазьней – інстытуцыі “Сетка Жанчын Усход-Захад” (NEWW), важнага інструмэнту міжнароднай дапамогі, пазбаўленага геаграфічных і палітычных межаў.
У тыя часы ўсходнеэўрапейскія жанчыны, выходзячы на трыбуну, часта пачыналі з наступных словаў: “Я не фэміністка, але…” Вядома, яны баяліся кпінаў. Сёньня можна прачытаць, што шматлікія фэмінісцкія няўрадавыя арганізацыі былі створаныя ва Ўсходняй Эўропе адразу пасьля 1989 году, але мой досьвед кажа пра іншае. Падчас падарожжаў для часопісу “Ms.” спробы адшукаць фэміністак былі параўнальныя з пошукам іголкі ў стозе сена. І на гэта былі важкія прычыны. Доўгі час, нават пасьля 1989 году, жанчыны ў былых камуністычных краінах ня прагнулі трапляць у ранг фэміністак, нават калі яны такімі й былі насамрэч. Часьцей за ўсё фэмінізм успрымаўся як дысыдэнцтва. Забабоны наконт заходніх – і асабліва амэрыканскіх – фэміністак распаўсюджваліся прэсай; яны, маўляў, былі ня толькі мужчынаненавідніцамі, занадта выродлівымі, каб знайсьці сабе мужа, але нават спальвалі станікі! Я асабіста мяркую, што менавіта гэты “аргумэнт станікаспаленьня” стаўся найбольш эфэктыўным у той частцы сьвету, дзе было так цяжка адшукаць добры бюстгальтар.
***
Калі, як нядаўна даказала турэцкая пісьменьніца й журналістка Эджэ Тэмэлькура, жыцьцё жанчын ёсьць найлепшым індыкатарам палітычнай і сацыяльнай сытуацыі ў краіне, то наколькі 1989 год насамрэч вызваліў жанчын?
Днямі ў мяне зьявілася яшчэ адна прычына перастаць сьмяяцца. У маёй краіне, Харватыі – самай юнай, дваццаць восьмай удзельніцы ЭЗ, – зноў загаварылі пра аборты. Або, калі заставацца больш паліткарэктнай: там зноў выбухнула палеміка наконт права на аборт. Вы можаце запярэчыць, што аборт ня ёсьць дастаткова важнай прычынай, каб прымусіць кагосьці перастаць сьмяяцца. Але гэта так. Я ўпэўненая, што права вырашаць, ці хочаш ты нараджаць, ёсьць краевугольным каменем жаночай эмансыпацыі, а спробы адмаўляць або абмяжоўваць гэтае права ў любым грамадзтве сьведчаць пра мноства іншых праблемаў у сфэры палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і прававой пазыцыі жанчын.
Ня бойцеся, я не зьбіраюся стамляць вас прызнаньнямі пра свой уласны аборт, пакінем гэта для аднаго з маіх раманаў. Праблема абортаў значна шырэйшая й датычыцца сотняў тысячаў маладых жанчын, чыё становішча таксама кажа нешта пра іншыя краіны зь пераходнай эканомікай.
Напрыканцы 2014 году СМІ паведамілі, што ў дзяржаўных лякарнях у Харватыі павялічваецца лік гінэколягаў, якія адмаўляюцца рабіць пацыенткам аборт. Калі вы зацяжарылі ў Харватыі й вырашылі не нараджаць дзіця, вашай сытуацыі не пазайздросьціш. Ім мала таго, што для большасьці жанчын перапыненьне цяжарнасьці зьяўляецца пакутлівым рашэньнем. Недастаткова таксама й таго, што, калі вы не прыплаціце дадаткова, працэдура будзе вельмі балючай. У харвацкай лякарні вы атрымаеце адмову, пазьней даведваючыся, што й у іншай клініцы дактары таксама ня робяць падобных апэрацыяў. Магчыма, вам нават давядзецца праехаць пяцьдзясят кілямэтраў ці больш, каб знайсьці жаданага гінэколяга. І ўсё гэта адбываецца ў краіне, дзе аборт легальны з 1969 году. Але пачынаючы з 1996 году лекары, мэдсёстры й фармацэўты атрымалі права адмаўляцца ад правядзеньня працэдуры аборту, кіруючыся асабістымі матывамі. У такім выпадку дзяржаўная клініка абавязаная знайсьці вам іншага доктара.
У красавіку 2015 году мела месца падобная спроба абмежаваць жаночую свабоду, гэтым разам – шляхам скарачэньня продажаў так званай “пігулкі наступнага дня”. Міністар аховы здароўя выдаў фармацэўтам загад, згодна зь якім, насуперак правілам ЭЗ, гэтыя таблеткі ня могуць быць прададзеныя жанчыне, калі яна адмовіцца запоўніць адмысловую анкету. Фармацэўт павінен быў задаць ёй шэраг інтымных пытаньняў, пачынаючы ад дня ейнай апошняй мэнструацыі й заканчваючы днём ейнага апошняга полавага акту. Адзначалася, што дадзеная зьневажальная працэдура была неабходная выключна ў інтарэсах жаночага здароўя, бо ў пігулках утрымліваюцца гармоны. Мала таго, што працэдура мае на ўвазе стаўленьне да жанчын як да безадказных дзяцей, якія ня ў стане прыняць узважаныя рашэньні або самастойна азнаёміцца з інструкцыяй да лекаў, – апытаньне звычайна праводзілася проста ля прылаўку, у прысутнасьці іншых пакупнікоў. Ягонай асноўнай мэтай, натуральна, было адгаварыць жанчыну прыняць таблетку.
Што ўражвае ўва ўсёй гэтай дзіўнай сытуацыі, акрамя таго факту, што сьвецкая дзяржава з сацыялістычным урадам так адкрыта дзейнічала пад уплывам каталіцкай царквы, дык гэта поўная адсутнасьць пратэстаў або рэакцыяў з боку саміх жанчын. У спрэчках не было чуваць жаночых галасоў. Так, ліст, падпісаны некалькімі НДА, быў накіраваны міністру аховы здароўя, які затым нагадаў лякарням пра іхны абавязак забясьпечыць прысутнасьць ва ўстанове доктара, які ня меў бы перадузятасьці супраць абортаў (правядзеньне абортаў у прыватным парадку зьяўляецца незаконным). Таксама пра гэта пісалі некалькі жанчын-журналістаў. Але большасьць жанчын, асабліва маладых, якія павінны быць у найбольшай ступені зацікаўленыя ў дыскусіі, проста не адрэагавалі. Не было ніякіх масавых пратэстаў, як можна было б чакаць, ні на гарадзкіх плошчах, ні ў сацыяльных мэдыя. Хіба такое становішча справаў не здаецца дзіўным у дэмакратычнай посткамуністычнай краіне?
Чаму новае пакаленьне жанчын, якое нарадзілася ў дэмакратычнай сыстэме, ніяк не адрэагавала на тое, што можа быць дакладна ахарактарызавана як відавочнае абмежаваньне іхных правоў?
Харватыя – краіна, якая ганарыцца сваёй жанчынай-прэзыдэнтам. І гэта годная падстава для гонару, улічваючы, што ў суседніх краінах жанчын-прэзыдэнтаў ня так ужо й шмат – фактычна толькі 15 ува ўсім сьвеце. Таму наяўнасьць жанчыны- прэзыдэнта здаецца значнай перамогай жанчын, выклікам “шкляной столі” ў сфэры палітыкі. Але, як мы ўсе ведаем, жаночае палітычнае лідэрства не абавязкова азначае паляпшэньне становішча жанчын.
Калінда Грабар-Кітаровіч нарадзілася ў 1968 годзе. Яна вырасла ў камуністычнай Югаславіі, і таму ёй былі гарантаваныя роўныя правы (прынамсі, фармальна), што таксама зрабіла магчымай ейную эмансыпацыю. Гістарычна, як і ў многіх іншых фэадальных краінах Усходняй Эўропы, пераважная большасьць харвацкіх жанчын былі непісьменныя. У 1869 годзе, усяго 150 гадоў таму, 86 % жанчын ня ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Жанчыны не маглі нават напісаць уласныя імёны. Яны ня мелі права атрымліваць маёмасьць у спадчыну, разводзіцца або перарываць цяжарнасьць. Толькі 110 гадоў таму ім было дадзена права вучыцца. Бабуля нашага прэзыдэнта, верагодна, нарадзілася дзесьці ў сярэдзіне 1920-х гадоў і не магла й блізка марыць пра палітычную кар’еру да таго, як камуністычны ўрад даў ёй права голасу ў 1945 годзе. Аднак пра гэты факт прэзыдэнт палічыла за лепшае не казаць у сваёй прамове ў сакавіку гэтага году на Канфэрэнцыі ААН па становішчы жанчын. Таму што, калі б яна згадала гэта, то павінна была б прызнаць, што менавіта ейнае камуністычнае выхаваньне дазволіла ёй дасягнуць найвышэйшага палітычнага становішча ў новай дэмакратычнай Харватыі.
Ад бяспраўнай бабулі да посту прэзыдэнта, што заняла жанчына, якая вырасла з роўнымі з мужчынамі правамі, – вось прыклад зьменаў, выкліканых камунізмам за вельмі сьціслы прамежак часу. І гэта насамрэч выразна паказвае, што менавіта прынёс камунізм жанчынам, вызваліўшы іх “зьверху”.
Але вернемся да пытаньня пра аборты. Незацікаўленасьць маладых жанчын у іх уласнай сытуацыі й недасьведчанасьць у дачыненьні да мінулага палохаюць. І мне сапраўды вельмі цікава, ці разумеюць яны: тое, што адбываецца, зьяўляецца абмежаваньнем іхнага права на выбар. Магчыма, яны не ўсьведамляюць, што такое жахлівае парушэньне іхных правоў насамрэч мае да іх дачыненьне. Ці, калі яны ўсё ж разумеюць, то, мажліва, не рэагуюць, бо думаюць, што жанчына ў сёньняшняй Харватыі ня робіць абортаў. Аднак, паводле апошняга апытаньня грамадзкай думкі, 51,2 % студэнтак падтрымліваюць гэтую працэдуру.
Посткамуністычнае адраджэньне кансэрватыўных каштоўнасьцяў, нацыяналізму й рэлігіі робіць уплыў на паводзіны жанчын ня толькі ў маёй маленькай краіне. Іх пасіўнасьць і незацікаўленасьць зразумець ня цяжка. Калі ўсё вакол вас так рэзка зьмяняецца, то вы звычайна не імкняцеся ўпісацца ў новыя варункі, а пачынаеце чапляцца за старыя звычкі, каштоўнасьці й ідэі – тыя, што існавалі яшчэ да камунізму. На жаль, гэта азначае вялікую прорву, вяртаньне да сыстэмы фэадальных каштоўнасьцяў. Пасьля падзеньня камунізму большасьць краінаў рэгіёну перажылі адраджэньне нацыяналізму й рэлігіі – гэта менавіта тыя дзьве рэчы, якія пры камунізьме душыліся. Гэта было ўсё, што засталося ад дакамуністычнага мінулага. Патрыярхія, якая здавалася зьніклай, зноў узьняла галаву, выглядаючы значна больш бадзёра, чым раней. Патрыярхія пасьля Патрыярхату, як напісаў калісьці Карл Кайзэр. Але гэта дакладна толькі часовая зьява?
Так, жанчынам Усходняй Эўропы свабода, здабытая ў 1989 годзе, прынесла нечаканыя абмежаваньні ў эканамічных, сацыяльных і нават рэпрадукцыйных правах. Жанчыны пацярпелі ад скарачэньня дзяржаўных выдаткаў і разглядаліся як найніжэйшая катэгорыя работнікаў, што ў выніку прывяло да масавага беспрацоўя сярод жанчын. Беднасьць набыла жаночы твар. Пры фокусе палітыкі на эканамічных пераўтварэньнях і фармаваньні дэмакратычных структураў правы жанчын не былі ў ліку прыярытэтаў. У выніку ўсё менш і менш жанчын выходзілі на працу (хоць мы ведаем, што шмат хто зь іх, ад 30 да 50 %, зьяўляліся часткаю нефармальнай эканомікі). Усё больш жанчын заставаліся дома, пазьбягаючы палітыкі й грамадзкага жыцьця, і былі перакананыя, што гэта слушнае рашэньне.
Усё яшчэ не зьяўлялася жаночага руху. Не было адчуваньня агульнасьці інтарэсаў. Папросту не існавала ідэі, што жанчыны павінны падтрымліваць іншых жанчын для дасягненьня агульных мэтаў. Ідэалёгія калектыўнай салідарнасьці належыць мінуламу. Жанчыны ва ўрадзе ня лічаць гендэр палітычным пытаньнем. Галоўная перашкода ўдзелу жанчын у палітыцы была не юрыдычнай, а культурнай.
***
Акрамя вяртаньня патрыярхальных каштоўнасьцяў, існуе яшчэ адна важная прычына таго, чаму жанчыны, якія вырасьлі пасьля камунізму, не рэагуюць на відавочныя зьявы, якія закранаюць іх нэгатыўным чынам. Аўтарытарны мэнталітэт, атрыманы ў спадчыну ад камуністычнай сыстэмы, пераважае ўва ўсім грамадзтве ў цэлым. Людзі чакаюць рашэньняў ад кагосьці іншага: партыі, установы, лідэра, улады, – але не ад шараговых грамадзян. На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў рашэньні заўсёды прыходзілі “зьверху”. А адкуль, уласна, павінны паўстаць дэмакратычныя ноў-хаў? Вядома, не ад таталітарнай традыцыі.
І ўсё ж маладыя жанчыны сёньня з радасьцю карыстаюцца перавагамі гэтай самай спадчыны, такімі як права на развод, сэксуальная свабода, сужыцьцё па-за шлюбам і цяпер нават аднаполыя зносіны. Яны прымаюць гэтыя правы й свабоды як належнае, не задумваючыся пра тое, як тыя зьявіліся. У канчатковым выніку маладыя жанчыны ў былых камуністычных краінах таксама былі “эмансыпаваныя зьверху”. Як і іх маці й бабулі, яны карыстаюцца, прынамсі, фармальна, правамі, за якія жанчынам у заходніх дэмакратыях давялося доўга змагацца. Але, зь іншага боку, менавіта гэты спосаб эмансыпацыі й прывёў да іхнай пасіўнасьці.
***
Цяпер павінна стаць зразумелым, што сытуацыя для жанчын у краінах зь пераходным пасьля 1989 году грамадзтвам няпростая. З аднаго боку, яны страчваюць правы, якія былі імі – прынамсі, фармальна – здабытыя ў часы камуністычнага рэжыму. Зь іншага боку, становішча жанчын было падарванае й усюды ў Эўропе – у роўнай ступені на Захадзе й на Ўсходзе. Фінансавы крызыс нанёс цяжкі ўдар, і – як гэта часта здараецца – больш за ўсё пацярпелі жанчыны.
Тое, што адбылося ў Заходняй Эўропе за апошнія 25 гадоў, вядома, не абнадзейвае. На Захадзе жанчыны змагаліся за свае правы на працягу дзесяцігодзьдзяў, выяўляючы нізавую актыўнасьць, змагаючыся й беручы ўдзел у масавых акцыях пратэсту. Вядома, зь цяжкасьцю заваяваныя прывілеі больш устойлівыя, чым тыя, якія былі паднесеныя на сподачку. Але жанчыны на Захадзе таксама пакутуюць ад няпоўнай занятасьці, няроўнасьці ў заработнай плаце, “шкляной столі” й страты статусу. На Захадзе жанчыны ў меншай ступені задзейнічаныя ў палітыцы. І на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ўсё стала толькі горш. Фінансавы крызыс сапраўды зьяўляецца агульнай роўніцай. Ён ударыў па ўсёй Эўропе й па ўсім у ёй: па Ўсходзе й Захадзе, мужчынах і жанчынах.
Такім чынам, навошта факусавацца на жанчынах, калі, згодна з пастуляванай тэзаю, мужчыны таксама знаходзяцца ня ў самым лепшым становішчы? Сапраўды, страта працы й сацыяльнага статусу зьяўляецца рэальнаю праблемаю для мужчын і іхнай мужчынскай ідэнтычнасьці. Але, калі ў мужчын ёсьць праблемы, жанчыны сутыкаюцца з крызысам. Маладзёвае беспрацоўе зьяўляецца самым высокім сярод жанчын; большасьць з тых людзей, якіх звальняюць, якія жывуць за кошт сацыяльнай дапамогі, большасьць тых, хто бярэ бальнічны, большасьць бедных – жанчыны.
Ад сэгрэгацыі на працы да фэмінізацыі беднасьці й парадоксу, які палягае ў тым, што, нягледзячы на павелічэньне ліку кваліфікаваных жанчын, іхная прысутнасьць на рынку працы не ўзрастае, – статыстычныя зьвесткі па Эўропе (як на Захадзе, так і на Ўсходзе) адлюстроўваюць выразную тэндэнцыю. Апошняя справаздача (2014) па пытаньнях гендэрнай роўнасьці, падрыхтаваная Камісіяй ЭЗ, прыводзіць паказьнік агульнага ўзроўню занятасьці жанчын у Эўропе, які складае 63 %, у той час як сярод мужчын ва ўзросьце ад 20 да 64 гадоў – 75 %. У сярэднім жанчыны ў ЭЗ зарабляюць у гадзіну на 16 % менш за мужчын. Гендэрны разрыў у аплаце працы па ўсёй Эўропе розны. У Славеніі, Мальце, Польшчы, Італіі, Люксэмбургу й Румыніі ён ніжэйшы за 10 %, але ў Вугоршчыне, Славаччыне, Чэхіі, Нямеччыне, Аўстрыі й Эстоніі – вышэйшы за 20 %. Хоць у цэлым гендэрны разрыў у аплаце за апошняе дзесяцігодзьдзе зьнізіўся, у некаторых краінах ён вырас, напрыклад, у Вугоршчыне й Партугаліі.
Гендэрны разрыў у аплаце мае месца, нягледзячы на тое, што жанчыны лепш за мужчын вучацца ў школе й унівэрсытэце. У сярэднім у ЭЗ у 2012 годзе 83 % маладых жанчын давучыліся да ўзроўню гімназіяў, у параўнаньні з 77,6 % мужчын. Жанчыны таксама складаюць 60 % выпускнікоў эўрапейскіх ВНУ. Уплыў гендэрнага разрыву ў аплаце зьяўляецца доўгатэрміновым, бо гэта азначае, што жанчыны зарабляюць менш на працягу ўсяго жыцьця. А гэта прыводзіць да больш нізкіх пэнсіяў і рызыкі беднасьці ў старасьці. У 2012 годзе 21,7 % жанчын ва ўзросьце больш за 65 гадоў былі на мяжы беднасьці, у параўнаньні з 16,3 % мужчын.
Для жанчын найбольш трывожным наступствам фінансавага крызысу зьяўляецца зьнікненьне дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту. Гэта таксама робіць большы ўплыў на жанчын, чым на мужчын, напрыклад, калі ўрад адмяняе або значна зьніжае сацыяльныя льготы, закліканыя прыцягнуць жанчын на рынак працы.
І тут мы вяртаемся да нашага пытаньня пра аборт! Мы жывем у эканамічнай сыстэме, дзе дамінуе прынцып максымізацыі прыбытку й мінімізацыі выдаткаў. У гэтым палягае адна з прычынаў, чаму жанчыны адчуваюць фінансавы й эканамічны крызыс інакш, чым мужчыны. Жанчыны ўяўляюць сабой больш дарагую працоўную сілу! Яны апошнімі ўладкоўваюцца на працу й першымі страчваюць яе. Асноўная прычына палягае ў тым, што ў іх ёсьць здольнасьць нараджаць. Стаўшы маці, яны залежаць ад дапамогі з боку грамадзтва ў выглядзе адмысловых ільготаў, такіх як адпачынак з нагоды цяжарнасьці й родаў. Яны будуць часьцей выходзіць на бальнічны, каб даглядаць хворых дзяцей. У дзяржаве ўсеагульнага дабрабыту яны таксама маюць права на іншыя льготы, дарагія як для дзяржаўных, так і для індывідуальных працадаўцаў. Таму, калі індывідуальны працадаўца можа выбіраць паміж двума роўнымі кандыдатамі, мужчынам і жанчынай, ён, хутчэй за ўсё, абярэ мужчыну. Іншымі словамі, ён ня будзе думаць пра роўныя магчымасьці, калі толькі яго ня будуць змушаць гэта рабіць. Альбо жанчыну абавяжуць – празь неафіцыйную дамоўленасьць – устрымлівацца ад цяжарнасьці на працягу бліжэйшых пяці- дзесяці гадоў, асабліва калі яе наймаюць на высокую пасаду. У выніку больш жанчын працуюць на хісткіх пасадах па часовым кантракце. Многія прымаюць рашэньне й зусім ня мець дзяцей.
У грамадзтве, дзе дамінуе капіталізм, рашэньне завесьці дзяцей усё часьцей разглядаецца як пытаньне індывідуальнай адказнасьці. У той жа час ужо ня толькі нацыяналісты папярэджваюць Эўропу пра выміраньне й неабходнасьць мець больш дзяцей. Рэлігійныя лідэры кажуць тое ж самае. Палітычныя лідэры – ня толькі кансэрватары – у бедных былых камуністычных краінах нагадваюць жанчынам, што яны нясуць адказнасьць за “сьмерць нацыі”.
Дык што ж гэта насамрэч? Ці зьяўляецца рашэньне жанчыны мець ці ня мець дзіцё асабістай справай або пытаньнем ейнага абавязку перад грамадзтвам?
Румынія ў часы Чаўшэску ўяўляла сабой прыклад камуністычнага грамадзтва, якое разглядала жанчын як радзільныя машыны. Аборты былі забароненыя, за мэнструальным цыклем уважліва сачылі з дапамогай абавязковых праверак. У многіх посткамуністычных краінах сёньня цела жанчыны па-ранейшаму ня цалкам належыць ёй, бо яна ўяўляе сабой сродак для ўзнаўленьня грамадзтва. Аднак, чым больш дзяржава хоча кантраляваць выкарыстаньне, тым менш яна гатовая за гэта плаціць. У выніку асноўнае права жанчын на выбар можа быць забрана ў любы момант. Адным зь першых актаў першага дэмакратычна абранага ўраду Польшчы было скасаваньне права на бясплатны аборт. Іншымі словамі – кантроль жаночага цела.
З моманту ўкараненьня масавай кантрацэпцыі біялёгія перастала вызначаць лёсы. Тым ня менш жанчыны не павінны забываць, што сацыяльна-эканамічны спад можа ператварыцца ў прорву й вярнуць іх у мінулае. Менавіта таму аборт ёсьць асноўным правам, якое, калі яно аднойчы здабытае, павінна пільна ахоўвацца. Таму што мы можам лёгка зрабіць крок назад у мінулае. Празь дзесяцігодзьдзі пасьля падзеньня камунізму жанчыны з большай, чым калі-небудзь, пільнасьцю павінны сачыць за сваімі правамі. Насамрэч мне здаецца, што сёньня крытычна важна, каб жанчыны разумелі, што іхныя правы роўныя іхным палітычным інтарэсам. Жанчыны ня могуць змагацца за свае правы, не разумеючы, што змагацца ёсьць за што, без усьведамленьня, сфармаванага інфармацыяй і ведамі, без прызнаньня ненадзейнага статусу жанчын і іх розных патрэбаў. Ці разумеюць гэта самі жанчыны? І ці гатовыя яны мабілізавацца, ці здольныя яны на гэта?
Васьмідзесяцідвухгадовая Глёрыя Стэйнэм, прадстаўніца таго, што зараз называюць “вінтажным фэмінізмам”, калісьці пісала, што жанчыны становяцца больш радыкальнымі з узростам. Вядома, досьвед няроўнасьці матывуе іх агучваць свае думкі й патрабаваньні. Але чакаць, пакуль сёньняшняе пакаленьне састарыцца, здаецца мне ня самым аптымальным варыянтам; гэта будзе азначаць пастаянны пачатак з нуля. А што калі жанчыны нават не ўсьведамляюць небясьпекі, зь якой яны сутыкаюцца, і, такім чынам, не адчуваюць ніякай неабходнасьці змагацца за раўнапраўе? Што калі каштоўнасьці зьмяніліся настолькі, што жанчыны ўсё часьцей успрымаюць сваё падпарадкаванае становішча як норму?
Сапраўды, адна зь небясьпекаў, якія стаяць перад новым пакаленьнем жанчын, – гэта постфэмінісцкае крэда атрыманай перамогі ў барацьбе за роўныя правы. У эпізодзе папулярнага амэрыканскага тэлешоў “Добрая жонка” маладая стажорка ў офісе адваката выходзіць замуж і плянуе свой сыход з офіснай пасады. “Але чаму вы звальняецеся? – пытаецца ў яе старэйшая калега. – Вы добрая працаўніца, вы павінны застацца”. На што будучая нявеста адказвае: “Можа, прадстаўнікам вашага пакаленьня была важная праца, але майму пакаленьню няма патрэбы паказваць сябе”.
Вось і не, яна памыляецца. Жаночая барацьба за роўныя правы палягае ня толькі ў тым, каб паказаць сябе. Яна заключалася ў тым, каб пераканацца, што іншыя жанчыны не сутыкнуцца з той жа дыскрымінацыяй.
Праз сто гадоў пасьля першага Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка дасьледаваньне ў адной брытанскай клініцы, дзе дапамагаюць жанчынам, якія сталі ахвярамі згвалтаваньня, выявіла, што чвэрць маладых жанчын ва ўзросьце паміж 18 і 24 лічылі, што яны самі нясуць адказнасьць за тое, што былі згвалтаваныя. Сёньня канстатуецца значны рост бытавога й сэксуальнага гвалту: сэксуальнае рабства, згвалтаваньні, гандаль людзьмі – лічбы ўва ўсіх гэтых сфэрах растуць. Ці хочам мы прарвацца праз “шкляную столь”? Так, вядома. Але ў той жа час мы павінны абараняць нашыя дасягненьні й вярнуць тое, што ў некаторых краінах ужо было страчана.
Яшчэ ў 2004 годзе Парлямэнцкая Асамблея ЭЗ выпусьціла шэраг рэкамэндацыяў для ўрадаў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку з патрабаваньнем прыняцьця захадаў супраць беспрацоўя, гендэрнага разрыву ў аплаце працы, дыскрымінацыі, скарачэньня колькасьці дзіцячых дашкольных установаў, гвалту ў дачыненьні да жанчын і недастатковага ўдзелу жанчын у палітыцы. Краінам таксама было прапанавана павысіць дасьведчанасьць жанчын у галіне іхных юрыдычных правоў. У дакумэнце была зробленая выснова пра вострую неабходнасьць дасягненьня гендэрнай роўнасьці, якая павінна быць інтэграваная ў паўсядзённае жыцьцё ў краінах, якія перажываюць посткамуністычны пераход. Усё гучала вельмі разумна, усё здавалася вельмі карысным і было прынята з аднадушнай ухвалай. Але нічога не зьмянілася…
***
Якая ж стратэгія застаецца? Мы павінны нагадаць сабе, што ва ўмовах дэмакратыі грамадзяне – у тым ліку й жанчыны – валодаюць правам зьмяняць законы. Гендэрная дэмакратыя ёсьць неад’емнай часткай дэмакратыі: калі жанчыны не прымаюць у ёй удзел, значыць, гэта не сапраўдная дэмакратыя. Вось сытуацыя, у якой мы знаходзімся сёньня, і ня толькі ва Ўсходняй Эўропе. Нам патрэбная эмансыпацыя пасьля эмансыпацыі.
Дазвольце мне не заканчваць на гэтай пэсымістычнай ноце – у рэшце рэшт, гаворка ідзе пра “шкляную столь”, а толькі 500 гадоў таму каталіцкая царква вяла дыскусіі пра тое, ці сапраўды жанчына зьяўляецца чалавекам, ці мае яна душу. Ну, з тых часоў некаторы прагрэс, відавочна ж, быў дасягнуты, я мяркую!
Артыкул напісаны на падставе дакладу, які аўтарка прачытала 29 траўня 2015 году ў межах Fellows Meeting у Інстытуце гуманітарных навук у Вене.
Published 12 January 2016
Original in English
First published by Transit Online, 2 June 2015 (English original); pARTisan 29 (2015) (Belarusian version)
Contributed by pARTisan © Slavenka Drakulic / pARTisan / Eurozine
PDF/PRINTNewsletter
Subscribe to know what’s worth thinking about.