Эўрапейскія чыноўнікі пры двары Менскага цара
Візыт Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежнай палітыцы і бясьпецы Хавіера Саляны ў Беларусь даў новы імпульс дыскусіям наконт дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю. Гэтую падзею можна ацэньваць як рацыянальна, гэтак і эмацыйна.
З рацыянальнага гледзішча візыт выглядае як недвухсэнсоўны сыгнал Менску, што ЭЗ гатовы распачаць новую стадыю прагматычных адносінаў. З аднаго боку, гэта і так зразумела, бо пасіўная пазыцыя ЭЗ і спробы ізаляваць Беларусь не далі канкрэтных вынікаў. Зь іншага боку, ацэньваючы гэтыя зьмены эмацыйна, складаецца ўражаньне, што ЭЗ зрабіў цынічны і амаральны крок, забыўшыся на ўсе грахі рэжыму.
НЕПАСЬЛЯДОЎНАСЬЦЬ ЭЎРАЗЬВЯЗУ
Два гады таму ЭЗ абнародаваў дакумэнт для беларускіх уладаў, дзе было ясна паказана, што перадумовай для цясьнейшага супрацоўніцтва будуць дэмакратычныя рэформы. У 2008 г. перад выбарамі Лукашэнка вызваліў палітвязьняў, даў дазвол на рэгістрацыю руху былога свайго суперніка А. Мілінкевіча і вярнуў у кіёскі дзьве апазыцыйныя газэты. Былі і іншыя меркаваньні – ад пазытыўных, у якіх сьцьвярджалася, што гэта былі жыцьцёва важныя зьмены, да пэсымістычных, паводле якіх названыя зьмены мелі чыста касмэтычны характар.
Тым ня менш, на думку экспэрта па Беларусі Аляксандры Гужон (Бургундзкі ўнівэрсытэт, Францыя),
ідучы на саступкі і паслабляючы жорсткасьць свайго рэжыму, аўтарытарная ўлада ня можа стаць дэмакратычнай, яна проста робіцца менш аўтарытарнай.
Так ці іначай, дынаміка адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю паказвае, што большасьць патрабаваньняў Брусэлю калі не забытыя, дык проста не акцэнтуюцца. Сапраўды, Саляна сустрэўся зь некаторымі прадстаўнікамі апазыцыі, але нават пасьля гэтых сустрэчаў не прагучала строгіх заяваў ці канкрэтных прапановаў наконт правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў.
ЗЬМЕСТ СУСТРЭЧЫ
Нягледзячы на факт, што многія лічаць сустрэчу Саляны зь беларускімі ўладамі беспрэцэдэнтнай падзеяй, асноўнае пытаньне ўсё ж тычыцца зьместу да?дзенай сустрэчы. Як выразіўся адзін зь лідэраў апазыцыі Анатоль Лябедзька: “Важная не сама сустрэча, а тое, што прывёз Саляна ў сваім дыплямаце”. Камэнтары замежнапалітычнага лідэра Эўразьвязу і яго адказы на пытаньні журналістаў не даюць ключа да разуменьня, якімі могуць быць вынікі візыту. Таксама маўчыць на гэты конт беларускі лідэр.
Малаверагодна, што для беларускага грамадзтва, якое апынулася ў высакапарных фразаў пра “канструктыўны дыялёг” і “абмеркаваньне надзённых праблемаў”, палітыка ЭЗ здаецца празрыстай. Ня кажучы ўжо пра тое, што пакуль ЭЗ не ўдаецца скласьці пляну дзеяньняў, скіраваных на нармалізацыю адносінаў зь Беларусьсю. Пляну, у якім будуць прапісаныя адэкватныя крытэры для ацэнкі рэформаў, якія адбываюцца ў Беларусі.
А ШТО З АПАЗЫЦЫЯЙ?
Прыхільнікі рацыянальнай палітыкі сьцьвярджаюць, што ўзаемадзеяньне зь беларускай апазыцыяй цягам больш як дзесяці гадоў не дало якога-кольвек адчувальнага плёну. Жорсткая рыторыка і санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі таксама сталі прыкладамі неэфэктыўнасьці палітыкі ЭЗ.
Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што дыялёг ЭЗ – Беларусь мусіць ісьці ў фармаце тэт-а-тэт. Аляксандар Лукашэнка выказаў жаданьне весьці дыялёг з Брусэлем наўпрост безь якіх-кольвек пасярэднікаў – лідэраў апазыцыйных партыяў, грамадзкіх дзеячаў і няўрадавых арганізацыяў – даволі шчыра:
Я бы очень просил вас, чтобы в наших отношениях мы постарались исключить всяких посредников, которые недоброжелательно относятся к нашей стране. Посредников как внутри страны, так и за ее пределами. А их немало.
Прыхільнікі дэмакратычнай Беларусі трапілі ў двухсэнсоўную сытуацыю. Прадстаўнікі апазыцыі, якія доўгі час падтрымлівалі эўрапейскія каштоўнасьці і за гэта траплялі ў турмы, цяпер ня маюць вялікай пэўнасьці наконт пазыцыі Эўразьвязу. Х. Саляна не сказаў ні слова ні пра прад?прымальнікаў, якія нядаўна сядзелі на “сутках”, ні пра прымусовы прызыў у войска моладзевых лідэраў апазыцыі, ні пра касмэтычныя зьмены рэжыму – а гэтага недастаткова, каб пачаць дыялёг. У сваю чаргу, выкарыстоўваючы маўчаньне Брусэлю, беларускі рэжым атрымлівае шанец праверыць, паводзіны ў якіх рамках будуць прымальныя для ЭЗ.
Асабліва скептычна ў гэтым пляне выказваецца незалежны беларускі экспэрт Вячаслаў Паздняк. Паводле ягоных словаў, у кантэксьце разгону мірных дэманстрацыяў і акту спаленьня эўрапейскага сьцяга беларускімі міліцыянтамі, рэакцыя ЭЗ выглядае неадэкватна і кепска ўплывае на імідж Эўропы.
ПРЫЧЫНЫ ПЕРАМЕНАЎ
Перамены замежнай палітыкі Эўразьвязу да Беларусі выкліканыя некалькімі фактарамі. Па-першае, адсутнасьцю доўгатэрміновай стратэгіі да Беларусі. ЭЗ не ўдалося атрымаць ані эфэктыўных рычагоў уплыву на Беларусь, ані выпрацаваць стратэгіі і тактыкі іх ужываньня. Гэта дае магчымасьць мяняць замежнапалітычны курс у залежнасьці ад бягучых умоваў. А пад канец 2008 г. умовы на міжнароднай, а таксама і эканамічнай арэне кардынальна зьмяніліся.
Па-другое – гэта эканамічныя фактары. Ні для каго ні сакрэт, што адно некалькі эўрапейскіх дзяржаваў маюць эканамічныя інтарэсы ў Беларусі. Апроч таго, наступствы эканамічнага крызісу змушаюць Менск да пошукаў альтэрнатыўных фінансавых крыніц. Двухбаковыя інтарэсы абумоўліваюць камэрцыялізацыю ўзаемадачыненьняў.
Трэці фактар, натуральна ж, – Масква. З аднаго боку, агульнавядома, што калі ЭЗ ня ўдасца праявіць актыўнасьць у дачыненнях зь Беларусьсю, апошняя “апынецца” ў сфэры татальнага ўплыву Расеі. Гэты падыход падмацавала агрэсія Расеі ў Грузіі. Зь іншага боку, А. Лукашэнка сам ужо некалькі гадоў стараецца балянсаваць паміж Захадам і Ўсходам. Пытаньне прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі застаецца адным з асноўных рычагоў афіцыйнага Менску для маніпуляцыяў.
Такім чынам, візыт Х. Саляны можна ацэньваць з розных бакоў: 1) як шанец для Беларусі, якая шукае ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва; 2) як цынічны крок Эўропы, які замоўчае правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасьці. Аднак, кажучы пра шанец для Беларусі, трэба задаць сабе пытаньне, ці гэта шанец для лібэралізацыі палітычнага і грамадзкага жыцьця і эканомікі, ці гэта шанец атрымаць эканамічную і фінансавую выгаду. І, далей, ці гэта шанец для беларускага грамадзтва, ці шанец для кіроўнай эліты застацца пры ўладзе?
ШТО РАБІЦЬ?
Крытыка візыту Х. Саляны ня значыць, што дэмакратычна настроеная частка беларускага грамадзтва нэгатыўна ацэньвае сам факт дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Такая пазыцыя проста выяўляе заклапочанасьць тым, што апазыцыя ў гэтым дыялёгу ня будзе мець сваіх прадстаўнікоў.
Незалежныя беларускія экспэрты трымаюцца думкі, што для таго, каб дыялёг ЭЗ – Беларусь даў штуршок дэмакратычным працэсам, а не аўтарытарызму, Эўразьвязу трэба цяпер падрыхтаваць плян нармалізацыі ўзаемных адносінаў. Гэта значыць, што дэлегацыя Эўракамісіі ў Беларусі і група Эўракамісіі, якая займаецца Беларусяй у Брусэлі, павінны значна актывізаваць сваю дзейнасьць.
З рацыянальнага гледзішча, дзеяньні ЭЗ падаюцца лягічнымі – праца з апазыцыяй ня дала плёну, значыць, трэба шукаць альтэрнатывы. Адным з варыянтаў можа быць спроба навязаць зьмены зьверху, трымаць “у рамках” беларускія ўлады і пакрысе “прапіхваць” дэмакратычныя перамены. Аднак літоўскія экспэрты маюць рацыю, калі сьцьвярджаюць, што ўмовы ЭЗ мусяць быць мякчэйшымі за ўмовы афіцыйнай Масквы. Гэта значыць, што прышчапленьне дэмакратычных каштоўнасьцяў будзе вельмі абмежаваным.
З эмацыйнага гледзішча, выглядае, можна асьцерагацца, што супрацоўніцтва Беларусі і ЭЗ пагражае пераўтварыцца ў сапраўдную сымуляцыю дэмакратызацыі. Сымуляцыю, дзе ўдзельнікі дыялёгу будуць перасьледаваць свае эканамічныя мэты, праводзіць касмэтычныя, псэўдадэмакратычныя рэформы, дзе, магчыма, да ўдзелу ў гульні будуць запрошаныя адно пара апазыцыянэраў.
Як той казаў, пасьля бойкі кулакамі ня машуць. Візыт ужо адбыўся, пра дэмакратычныя каштоўнасьці згадана не было. А цяпер галоўная задача для ЭЗ – знайсьці спосаб раскрыць сэнс візыту для беларускага грамадзтва. Даць інфармацыю пра тое, якія дамоўленасьці былі дасягнутыя падчас візыту. Зьвярнуць увагу на тое, што ня толькі кіроўная эліта важная для ЭЗ, але просты беларускі народ таксама. Падкрэсьліць, што такія сустрэчы ня могуць легітымізаваць усіх злачынстваў рэжыму. Літва як сябра ЭЗ і найбліжэйшая суседка Беларусі можа чынна спрычыніцца да гэтага.
Бо іначай большая частка беларускага грамадзтва будзе думаць, што нягеглыя эўрапейскія чыноўнікі прыбылі да менскага цара.
Пераклаў з ангельскай Раман Маладзяшын паводле www.eesc.lt
Published 17 April 2009
Original in English
First published by Eastern European Studies Centre (EESC); Arche 1-2/2009
Contributed by Arche © Julija Narkeviciute / Vytis Jurkonis / EESC / Arche / Eurozine
PDF/PRINTNewsletter
Subscribe to know what’s worth thinking about.